Пастанову аб правядзенні 27 чэрвеня агульнанацыянальнага страйку прыняў Форум прадпрымальнікаў, прысвечаны пытанням укаранення тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці».

Згодна з гэтым рэгламентам, ПУПы павінны мець сертыфікаты на ўвесь тавар, а з 1 ліпеня 2014 года такія сертыфікаты будуць патрабаваць і ад ІП. Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што такі падыход ставіць іх у няроўныя ўмовы. У Расіі такога суправаджэння ніхто не патрабуе.

Дробныя гандляры патрабуюць права прадаваць тавары без сертыфікатаў. Таму і была прынятая пастанова аб страйку.

У выпадку калі ўлады не пойдуць ім насустрач, яны пагражаюць зборам подпісаў за выхад нашай краіны з Мытнага саюза.

У звароце прадпрымальнікаў гаворыцца:

«Нам такі саюз не патрэбны, дзе праз непрадуманыя пастановы пад пагрозу пастаўленыя інтарэсы беларускага бізнэсу. У Расеі бязладдзе, большасць прадпрымальнікаў працуюць без дакументаў, а пакутуе наш бізнэс.

Мы патрабуем ад беларускіх улад афіцыйнага звароту ў Еўразійскую эканамічную камісію з паведамленнем аб прыпыненні распаўсюджвання пастановы камісіі «Аб прыняцці тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» на тэрыторыі Беларусі з прычыны невыканання яго краінамі Мытнага саюза.

Патрабуем ад урада правядзення тэрміновых перамоў аб праблеме прымянення норм тэхрэгламенту з удзелам прадпрымальніцкіх структур краіны.

Патрабуем ад Аляксандра Лукашэнкі захавання нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у Мытным саюзе і непрымання пастаноў, якія б пагаршалі становішча грамадзян нашай дзяржавы.

У выпадку няўвагі да нашых патрабаванняў, прадпрымальнікі Беларусі не здолеюць паводле закону займацца сваёй дзейнасцю з 1 ліпеня 2013 года, а значыць, не будзе магчымасці плаціць падаткі ды іншыя плацяжы ў бюджэт.

Мы не хочам напружанасці і эскалацыі канфлікту, але ў нас няма выбару: альбо мы дамагаемся выніку разам, альбо нас чакаюць канфіскацыі, спусташэнне і штрафы. Будзем разам!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0