Крах праекта па будаўніцтве газаправода «Набука» стаў зняважлівай аплявухай Еўрасаюзу і адначасова перамогай Крамля. Газаправод «Набука», названы ў гонар оперы Джузэпэ Вердзі пра свабоду і рабства, быў прыярытэтным праектам па дастаўцы газу ў Еўропу з раёна Каспійскага мора і Цэнтральнай Азіі праз Каўказ, Турцыю і Балканы.

«Набука» стаў яскравай ілюстрацыяй жадання ЕС стварыць «Паўднёвы паток» для газу, злучыўшы новы газаправод з ужо пабудаваным у 2005 годзе нафтаправодам Баку — Тбілісі — Джэйхан. Мэтай абодвух праектаў было пазбаўленне Крамля манаполіі на пастаўку энерганосьбітаў з Усходу на Захад. Цяпер Азербайджан адмаўляецца пракачваць свой газ па «Набука», а Расія налягае альтэрнатыўным газаправодам пад назвай «Паўднёвы паток» для забяспечання Еўропы расійскім газам. Усё, канец гульні?

Наўрад ці. Па-першае, «Набука» не меў таго значэння, якое часам распісвалі прыхільнікі праекта. З запланаванай прапускной здольнасцю 10 мільярдаў кубічных метраў за год (якая ў выніку вырасла да 20 мільярдаў) «Набука» наўрад ці істотна паўплываў бы на сітуацыю: штогод Еўропа спажывае 500 мільярдаў кубічных метраў газу, з якіх 25% імпартуецца з Расіі. Без добрага палітычнага прыкрыцця «Набука» каштаваў бы задорага, каб стаць эфектыўным. Але ў палітыкаў пасля знішчальнага эканамічнага крызісу быў іншы клопат. Змены на газавым рынку яшчэ мацней падарвалі эканоміку праекта. Таксама было няясна, хто будзе пастаўшчыком і купцом газу.

Газаправод «Набука» цудоўна выглядаў на карце, аднак не быў сур’ёзным энергетычным праектам. Хутчэй будаўніцтва газаправода запланавалі, каб збіць пыху з Масквы. Хоць праект «Набука» і не здзейсніцца, праект «Усходняга патоку» жывы. Карацейшы і таннейшы Трансадрыятычны газаправод, які злучае не Аўстрыю з Балканамі, а наўпрост Грэцыю і Італію, — цяпер прыярытэтная дарога для азербайджанскага газу ў Еўропу.
А пасля таго як Грэцыя ў чэрвені прадала свайго газавага аператара DESFA Азербайджану, сумневаў у будучыні Трансадрыятычнага газаправода не засталося.

Аднак угода Грэцыі з Азербайджанам дэманструе яшчэ важнейшы момант. Прыватызацыя грэцкіх энергетычных актываў была адным з першачарговых прыярытэтаў «Газпрама» і Расіі, якая мае добрыя кантакты з Грэцыяй і хоча пашырыць свае ўплывы на Балканах.

Еўрасаюз разбіў надзеі Расіі маштабным расследаваннем супраць яе: «Газпрам» абвінавацілі ў маніпуляванні рынкам. Прыняцце больш жорсткіх законаў таксама стала перашкодай для звыклай «Газпраму» бізнэс-мадэлі.
Напрыклад, манапаліст скардзіцца, што праз правілы канкурэнцыі, якія не дазваляюць «Газпраму» выкарыстоўваць газаправод OPAL, «Паўночны паток», які быў пабудаваны ў 2009 годзе і праходзіць па дне Балтыйскага мора, загружаны толькі напалову.
Гэта даказвае, што «Газпрам» значна недаацаніў магчымасці Еўрапейскай камісіі. Кампанія лічыла, што шчыльныя палітычныя адносіны з Германіяй зрабілі яе недатыкальнай. Аднак дбайныя супрацоўнікі аддзелаў канкурэнцыі і энергетыкі Еўрапейскай камісіі паправілі становішча Трэцім энергетычным пактам, згодна з якім адной і той жа газавай кампаніі нельга валодаць адразу магістральнымі і размеркавальнымі газаправодамі, а таксама ўсталёўваць розныя цэны на газ для розных краінаў.
На жаль для «Газпрама», у гэтым і заключаліся асновы бізнэс-мадэлі карпарацыі.
«Газпрам» усталёўваў высокія цэны на газ для краін, у якіх няма альтэрнатыўнага пастаўшчыка (як для Літвы) і нашмат ніжэйшыя цэны для краін з канкурэнцыяй на газавым рынку (напрыклад, для Нідэрландаў). Лічыцца, што папярэдняе расследаванне Еўрапейскай камісіі дало магчымасць выказацца энергетычным кампаніям, якія пакутавалі ад палітыкі «Газпрама», але не наважваліся выказацца. Гэтыя сведчанні дапоўняць «Акт нязгоды» (што будзе мець эфект судовай пастановы) супраць «Газпрама», які Еўракамісія плануе выдаць сёлета.

Яшчэ адзін палітычны пралік «Газпрама» — няправільная ацэнка рэакцыі ЕС на ненадзейныя (у палітычным і тэхнічным плане) пастаўкі расійскага газу. Серыя «газавых войнаў» з Украінай, ускладненая высокім попытам на газ падчас халодных зімаў, прывяла да перабояў з пастаўкай газу ў Еўропу. Найбольш адчувальная з іх здарылася ў 2009 годзе і прынесла сур’ёзную шкоду як індывідуальным спажыўцам, так і бізнэсу.

Газавыя крызісы прымусілі ЕС паставіцца да энергетычнай бяспекі сур’ёзней. У выніку ў Еўропе з’явілася сетка газаправодаў-злучальнікаў: паміж Польшчай і Славакіяй, Славакіяй і Венгрыяй, Венгрыяй і Румыніяй і г.д. Калі будаўніцтва ўсіх газаправодаў будзе завершанае, яны стануць часткамі вялікай магістралі ад Балтыйскага да Адрыятычнага мора. Такі газаправод ускладніць Расіі адключэнне ад паставак газу нейкай адной краіны, а таксама палегчыць гандаль газам паміж краінамі ЕС. Фактычна, такая сістэма газаправодаў знішчыць адзін з апошніх элементаў спадчыны СССР у Еўропе.
Таксама «Газпрам» прамахнуўся з прагнозамі. На думку расійскага манапаліста, будучыня ўсё ж за газам з падземных радовішчаў і дастаўленым па трубаправодах. Аднак «Газпрам» не звярнуў ніякай увагі на распрацоўкі амерыканцаў у галіне здабычы сланцавага газу. Хоць ЗША і не экспартуюць прыроднага газу (калі яны пачнуць рабіць гэта з 2016 года, дык клопату Маскве дадасца), вялікія запасы сланцавага газу азначаюць, што і імпартаваць замежны газ ЗША не трэба. Такія змены на рынку адбыліся ў час, калі вялікія аб’ёмы прыроднага газу пачалі паступаць з такіх краінаў, як Катар.
У выніку цэны на звадкаваны прыродны газ абваліліся разам з цэнамі на неабходную для дастаўкі газу інфраструктуру. Раней газасховішчы каштавалі мільярды, а цяпер цэны на іх пачынаюцца ўсяго ад 200 мільёнаў даляраў. Арэнда рэгазіфікацыйнага тэрмінала, які ператварае звадкаваны прыродны газ ў прыдатны для спажывання прадукт, будзе каштаваць усяго 50 мільёнаў даляраў за год, што робіць звадкаваны прыродны газ даступным нават для невялікіх краін.

Аднак што яшчэ горш для «Газпрама», дык гэта тое, што Еўропа сама стаіць на парозе «сланцавай рэвалюцыі» і неўзабаве можа ператварыцца з імпарцёра газу ў экспарцёра. Сярод меркаваных будучых пастаўшчыкоў газу — Курдыстан (частка Ірака, якая знаходзіцца на мяжы з Турцыяй) і ўсходняе Міжземнамор’е з яго вялікімі запасамі.

Адказам «Газпрама» на сумныя перспектывы робяцца ўсё новыя газаправоды, што выглядае простым марнаваннем гіганцкіх сумаў. Навошта траціць мільярды на «Паўднёвы паток» (ці падваенне магутнасці «Паўночнага патоку»), калі такі газ прайграе звадкаванаму прыроднаму газу, а паступова прайграе і еўрапейскаму сланцаваму газу?
Магчыма, прычына ў слабасці топ-мэнэджмэнту «Газпрама» і перашкодах з боку рэжыму, пры якіх вымушаная працаваць кампанія. Аднак найбольш імаверная прычына — карупцыя. Новыя газаправоды — можа, і не найлепшы сродак дастаўкі газу да спажыўца, аднак іх будаўніцтва — добры спосаб дастаўкі грошай да чыноўнікаў, палітыкаў, інспектараў і іншых. Відаць, Расія можа быць перашкодай для бізнэсу «Газпрама», аднак «Газпрам», наадварот, спрыяе бізнэсу ў Расіі.

Са спазненнем, але Расія ўсё ж пачынае асэнсоўваць важнасць сланцавага газу. У дадатак яна спадзяецца на ўстойлівы газавы рынак, у прыватнасці праз павелічэнне попыту з боку Кітая і, магчыма, Саудаўскай Аравіі, калі гэтае каралеўства вырашыць спыніць паліць нафту для атрымання электрычнасці.

Аднак ужо занадта позна, і цана акцый «Газпрама» імкліва абрынулася ўніз, як і доля кампаніі на рынку. Упершыню з часоў крызісу 2009 года рыначная капіталізацыя актываў кампаніі апусцілася ніжэй за адзнаку ў 100 мільярдаў даляраў. Крэмль сышоў у абарону і намагаецца захаваць сваё становішча у Прыбалтыцы і на Балканскім паўвостраве замест таго, каб выкарыстоўваць сваю магутную энергетычную зброю ў вызначэнні далейшага лёсу Еўропы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?