Справаздача аб сітуацыі ў Беларусі, якую дакладчык Еўрапарламента Юстас Палецкіс падрыхтаваў для Еўракамісіі, Рады ЕС і Службы знешніх дзеянняў Еўракамісіі, будзе паўторна абмеркавана сёння на пасяджэнні камітэта па замежных справах ЕП у Брусэлі.

Справаздача падрыхтавана паводле вынікаў візіту Палецкіса ў Мінск 18—21 сакавіка. 30 мая камітэт па замежных справах разгледзеў яе ў першым чытанні. Паводле ацэнкі самога дакладчыка, дыскусія была "гарачай і эмацыянальнай".

Дакумент выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. П
радстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы абурыліся тым, што ў дакладзе сказана пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс у сваю чаргу сцвярджаў, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Разам з тым дакладчык прызнаў: фармулёўка аб "паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека" ў справаздачы няўдалая і будзе зменена.

Да 12 чэрвеня быў абвешчаны прыём дапаўненняў і змяненняў у даклад. Пасля завяршэння гэтага тэрміну Палецкіс паведаміў, што паступіла больш як 300 дапаўненняў і прапаноў. Рыхтуючыся да абмеркавання даклада ў другім чытанні, яго аўтар правёў шэраг кансультацый з дэпутатамі ад розных фракцый Еўрапарламента, а таксама прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Пасля сённяшняга разгляду на пасяджэнні камітэта па замежных справах даклад павінен быць вынесены на абмеркаванне ўдзельнікаў пленарнай сесіі Еўрапарламента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?