Віктар Лукашэнка

Чаму старшыня Палаты Прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў падаў учора ў адстаўку? Гэта вынік боек бульдогаў Лукашэнкі, — мяркуюць экспэрты «Gazety Wyborczaj».

Былы старшыня быў знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ ў часы, калі апошні быў дырэктарам адсталага саўгасу Гарадзец, а Канаплёў мясцовым міліцыянтам. Уся палітычная кар’ера Лукашэнкі была павязаная з Канаплёвым, які падтрымліваў яго ва ўсіх выбарчых кампаніях.

На пачатку 90‑х, калі Лукашэнка стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі, Канаплёў стаў ягоным асыстэнтам. У 1994 годзе, пасьля выйграных прэзыдэнцкіх выбараў, застаўся асыстэнтам прэзыдэнта.

Пазьней ён займаў розныя пасады — быў у прэзыдыюме Вярхоўнага Савету, быў намесьнікам старшыні Палаты Прадстаўнікоў, а ў 2004-м стаў старшынём ніжняй палаты парлямэнту.

Аднак яго ўплывовасьць вынікала не з пасады, а з практычна неабмежаванага доступу да Лукашэнкі.

— Ён выкарыстоўваў гэта, каб узбагачацца. Іншых цікавілі палітычныя ўплывы, а Канаплёва найбольш захапляла эканоміка і бізнэс, — кажа «Gazecie» Павал Шарамет, аўтар кнігі пра Лукашэнку.


Аляксандар Вайтовіч

Сяргей Сацук

Павал Шарамет

На думку Шарамета, цьмяныя сувязі Канаплёва з сфэрай бізнэсу былі выкарыстаныя, каб дыскрэдытаваць яго ў вачах Лукашэнкі. Хоць афіцыйнай прычынай адстаўкі ёсьць благі стан здароўя і, як вынік, немагчымасьць выкананьня абавязкаў.

— Гэта формула вядомая з савецкіх часоў. Калі Лукашэнка мяне звальняў, то кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта таксама прапаноўваў мне напісаць заяву, што прычына адстаўкі — благі стан здароўя, — кажа Аляксандар Вайтовіч, кіраўнік верхняй палаты парлямэнту ў 2000‑2003 гадах.

На думку публіцыста Сяргея Сацука, у беларускай уладнай эліце адбываецца зьмена пакаленьняў.

— Ідзе пакаленьне Віктара Лукашэнкі, такія, як Канаплёў, ужо не патрэбныя. Віктар Лукашэнка падбярэ людзей, якія будуць яму адданыя, — кажа Сацук.

Фармальна Віктар Лукашэнка зьяўляецца памочнікам прэзыдэнта ў справах нацыянальнай бясьпекі і ўваходзіць у склад Рады бясьпекі.

Уплыў Віктара на бацьку ёсьць шторазу выяўнейшым. Падчас нядаўняга інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі для «Le Monde» прэзыдэнт адкрыта выказаўся пра адсутнасьць даверу да атачэньня і важную ролю сына.

— Калі я прызначаў сына памочнікам, хацеў адкрыць дадатковы канал для атрыманьня інфармацыі, — сказаў Лукашэнка. — Ніводны кіраўнік дзяржавы ня можа мець абсалютнага даверу да атачэньня. Таму сын мне дапамагае.

— Віктара Лукашэнку ўжо амаль адкрыта называюць пераемнікам. Відавочна, «пераемнік» — гэта сур’ёзны палітычны праект, — мяркуе Вайтовіч.

— З вышыні займанай пасады Віктар Лукашэнка ўжо кантралюе сілавыя ведамствы і цяпер хоча пашырыць уплыў на парлямэнт, — дадае Сацук.

Экспэрты ня лічаць. што з прычыны адстаўкі Канаплёва адбудуцца якіясьці значныя зьмены ў замежнай або ўнутранай палітыцы.

— Сыстэма, створаная Лукашэнкам, працуе, замяняюцца яе запасныя часткі, а ня правілы, якімі яна кіруецца, — мяркуе Сацук.

Фармальна рашэньне пра прыняцьце ці непрыняцьце адстаўкі Канаплёва прыме 2 кастрычніка на сваім паседжаньні палата прадстаўнікоў. Але дэпутаты ня маюць што сказаць — рашэньні пра прызначэньні прымаюцца ў Адміністрацыі прэзыдэнта.


Сяргей Гайдукевіч

Тым часам ужо зьявіўся першы прэтэндэнт на пасаду кіраўніка парлямэнту. Гэта дэпутат Сяргей Гайдукевіч, які заявіў, што будзе прэтэндаваць на гэтую пасаду. Кандыдат не захацеў камэнтаваць прычын адстаўкі Канаплёва.

Цягам апошніх гадоў Гайдукевіч і ягоная Лібэральна‑дэмакратычная партыя Беларусі выконвалі ролю «кантраляванай апазыцыі». Гайдукевіч двойчы быў кандыдатам у прэзыдэнты і пасьля кожнай паразы дасылаў Лукашэнку віншаваньні, а апазыцыю, якая не магла зьмірыцца з паразай, крытыкаваў. На думку экспэртаў, выстаўленьне Гайдукевічам сваёй кандыдатуры ёсьць спробай прыягнуць да сябе ўвагу.

Андрэй Пачобут, Горадня, Gazeta Wyborcza. Пераклад з польскай — «NN.by».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0