Сёлета Магілёў стаў культурнай сталіцай СНД і Беларусі. З гэтай нагоды маладое кіраўніцтва горада шукала шляхі рэалізацыі гэтага высокага статусу. У той жа момант сталічныя хлопцы са стрыт-арт суполкі Signal шукалі месца для працягу праекта «Must Act». У выніку праз мясцовага актывіста Юрася Стукалава яны знайшлі адно аднаго.

Наводзіць шухер у Магілёве прыехалі мастакі з усёй Беларусі. Нават Вася Grino з каманды AZ, які ўжо даўно жыве ў Маскве, таксама не абмінуў магчымасці «заваліць» фасад пяціпавярховіка. Разметка для прац такіх масштабаў звычайна наносіцца з дапамогай відэапраектара. Зрабіць праекцыю для працы Grino было магчыма толькі з будынка насупраць. Гэтым будынкам аказаўся міліцэйскі пастарунак. На яго акне і паставілі праектар. Міліцыянты былі так усцешаныя працай мастакоў, што нават дазволілі ім зрабіць некалькі фотак ў «малпоўніку».

Аднымі з хэдлайнераў магілёўскай перабудовы сталі віцебскія майстры Duedro,

якія 3D-выявай рукі Адама скарылі сэрцы мінакоў. Ад жадаючых пафоткацца на адным з 3D-пальцаў не было адбою.

Пра ўнікальнасць досведу такога супрацоўніцтва з уладамі і працы мастакоў расказвае адзін з арганізатараў праекта Алег Ларычаў:

Зыходзячы з досведу камунікацыі з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў розных гарадоў Беларусі, я магу сказаць, што прыклад узаемадзеяння з уладамі Магілёва моцна адрозніваецца ў пазітыўны бок. Ад начальніка аддзелу па справах моладзі, ідэалогіі і культуры Алега Корапава не было ніякіх загадаў. Мы паказалі толькі два папярэднія эскізы, а астатнія працы рабілі на свой густ, не ўзгадняючы ні з кім. Нам далі карт-бланш на ўпрыгожванне аднаго з самых наведвальных раёнаў Магілёва.

Дзякуючы падтрымцы ад Caparol, Ома і МТБанк мастакі набылі фарбу, якой хапіла, каб ператварыць звычайны савецкі дворык у нешта зусім іншае і пакуль не вельмі знаёмае нашай краіне. Дарэчы, арганізатары праекта не імкнуліся ангажаваць у яго мясцовых мастакоў. Але хутка да арганізатараў пачалі звяртацца некаторыя прадстаўнікі мясцовай графіці-двіжухі:

— Пераважная колькасць з іх скардзілася і здзіўлялася: маўляў, чаму нам не дазваляюць, а вам дазволілі, — кажа Алег Ларычаў. — Я адказваў, што старыя шрыфты нікому не патрэбныя, а сапраўдны стрыт-арт, здаецца, больш актуальны ў гарадской прасторы.

Сярод лакальных майстроў знайшліся і цікавыя персанажы. Напрыклад, Энтані, якому ўсяго 15 гадоў. На думку дарослых мастакоў, яго чакае вялікая будучыня. Арганізатары вызвалілі для яго некаторыя плошчы, дзе ён праявіў свае здольнасці не горш за іншых. Больш за тое, падчас нанясення разметкі для работы Васі Grino Энтані працаваў як асістэнт.

Здаецца, горад заслужыў гэты праект, бо ўсе спрабавалі зрабіць усё мажлівае для яго рэалізацыі.
Пачынаючы ад шараговых працаўнікоў ЖКГ, што працавалі да цемнаты, падымаючы мастакоў на вышках, і заканчваючы старшынёй выканкама і аддзелам ідэалогіі. Усе яны з разуменнем ставіліся да кожнай патрэбы мастакоў, не замінаючы ім перашкодамі і абмежаваннямі ў творчасці і дапамагаючы рэалізаваць кожнае творчае памкненне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?