Аказваецца, рэгламент чэмпіянату Беларусі па хакеі забараняе пісаць на форме гульцоў па-беларуску. Пра гэта выпадкова даведаўся спартовы заўзятар Ігар Случак, калі атрымаў ліст наконт роднай мовы ад хакейнага клуба «Брэст».

Вывучаем дзейны рэгламент чэмпіянату Беларусі і сапраўды натыкаемся на артыкул № 6, дзе апроч іншага напісана: «швэдар хакеіста павінен мець эмблему клуба, нумар і прозвішча на расійскай мове». То бок беларуская мова ў нацыянальным хакейным чэмпіянаце фактычна забароненая.

«Чаму? — цікавімся ў кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея Яўгена Ворсіна. — Многія дзеячы беларускага спорту, наадварот, падтрымліваюць роднае слова і падкрэсліваюць, што гэта спосаб прыцягваць фанаў, развіваць патрыятызм».

Яўген Ворсін:У нас сёння ведаеце колькі думак! Адзін адно кажа, заўтра гучыць іншая думка. Дык што, мы на ўсіх будзем арыентавацца?

- Але ж у нас Беларусь, і пытанне датычыць чэмпіянату нашай краіны. А тут дазваляецца пісаць толькі па-расійску…

- Вы хочаце, каб мы прозвішча на спіне пісалі яшчэ і па-беларуску? Я вось не разумею, дзеля чаго пытанне? Каб час адабраць?

- Каб быў механізм напісання прозвішчаў па-беларуску, калі гэтага захоча клуб, на які паўплываюць яго заўзятары. 

- Калі хочаце падыскутаваць, то дыскутуйце ў якім-небудзь клубе. Нагаварыцеся, а потым са сваёй прапановай выходзьце сюды. А абмяркоўваць усё запар я не магу. У мяне няма часу размаўляць на гэтую тэму.

- Добра, апошняе пытанне. У краіне двухмоўе. Чаму на майках хакеістаў толькі расійская мова? 

- Ну як вам адказаць на гэтае пытанне… У нас у Міжнароднай федэрацыі афіцыйныя мовы англійская, французская, швейцарцы нешта па-швейцарску пішуць (напэўна, старшыня Федэрацыі мае на ўвазе рэтараманскую мову. — заўв. Еўрарадыё). Вазьміце, я ж кажу, збярыце гурток. Нагаварыцеся, абмяркуйце, абгрунтуйце і ўнясіце прапанову ў Федэрацыю. І мы ўсе тут, можа быць, збяромся. У нас часу шмат свабоднага, нам жа рабіць няма чаго, толькі трэба вось абмяркоўваць вось гэта ўсё. І вы прыйдзіце, і будзеце нам расказваць, што, дзе і як.

- Але тэма актуальная. Іван Караічаў, кіраўнік прэс-службы «Дынама-Мінск», неяк скардзіўся, што хацелі пісаць на швэдрах па-беларуску, каб развіваць патрыятызм. А КХЛ забараніла. 

- Дзіўныя людзі вы. Караічаў нешта сказаў, Піндзюшкін нешта вам сказаў. Яшчэ нехта, можа быць, нешта скажа. А вы будзеце тэлефанаваць і казаць, чаму так, а не гэтак…

- Вы ж галоўны ў Федэрацыі, вызначаеце курс… 

- Вось вазьміце ад Еўрарадыё і напішыце афіцыйны ліст: «Мы хочам, каб на форме пісалі па-беларуску…»

- Не, мы не агітуем, а проста задаём пытанне, чаму ў рэгламенце толькі расійская мова.

- А нехта скажа, што хачу на расійскай мове. Але я не магу пісаць адно прозвішча на дзвюх мовах. Вы разумееце?

***

Здавалася б, забарона на беларускую мову ў хакейным чэмпіянаце — дробная дэталь, на якую не варта зважаць. Хакей наш пакуль рэгрэсуе, чэмпіянат нацыянальны паслабляецца. Але ў час, калі ўлада ўсяляк робіць стаўку на суверэнітэт, стварае Плошчу дзяржаўнага сцяга і праводзіць амаль цалкам беларускамоўны канцэрт на Дзень Рэспублікі, такія сігналы выглядаюць не тое што абразліва ў нацыянальным плане, але і нелагічна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?