«Газпрам», які вырашыў пабудаваць у Мінску хмарачос, перайшоў дарогу мясцовым забудоўшчыкам.

Дэвелаперская кампанія беларускага бізнесмена Ігара Александровіча ТДА «Аляксандраў-Строй» 20 верасня падала дасудовую прэтэнзію ў Гаспадарчы суд Мінска да «Газпрама» і гарвыканкама беларускай сталіцы. Фірма патрабуе кампенсацыі выдаткаў і ўпушчанай выгады ў сувязі з адкліканнем права на арэнду зямельнага ўчастка, частку якога аблюбаваў «Газпрам» для будаўніцтва свайго офіса. Агульная сума прэтэнзій — 184,3 млрд беларускіх рублёў — эквівалент $20,4 млн. Сума 104 млрд беларускіх рублёў пацверджаная незалежнай ацэнкай, праведзенай больш за год таму, але пры падачы позвы ўлічаная інфляцыя і іншыя выдаткі, у прыватнасці па зносе будынкаў.

Па словах прадстаўніка кампаніі «Аляксандраў-Строй» Наталлі Капцеравай, на мірнае ўрэгуляванне пытання бакам даецца 10 дзён, затым пачынаецца судаводства. Калі суд пацвердзіць рацыю кампаніі, страты інвестара павінен пакрыць «Газпрам», перавёўшы грошы гарадскім уладам. А тыя, у сваю чаргу, абавязаныя пералічыць грашовыя сродкі пазоўніку.

Заказчыкам шматфункцыянальнага офіснага цэнтра вышынёй 182 м выступае «дачка» «Газпрама», кампанія «Газпрам трансгаз Беларусь». У склад комплексу, які размесціцца на 8,27 га ў цэнтры Мінска, увойдуць не толькі офісныя будынкі, але і іншыя аб’екты — ад канферэнц-залы да спа. Арыентаваны кошт будаўніцтва — $500 млн, завяршыць яго плануецца ў 2018 годзе.

Для будаўніцтва офіса «Газпрама» давядзецца знесці гарадскі аўтавакзал «Маскоўскі».

Таксама пацярпелі інтарэсы шэрагу беларускіх кампаній: гарадскія ўлады датэрмінова адклікалі ў іх права арэнды зямельных участкаў. Адной з такіх кампаній стаў «Аляксандраў-Строй», які ў ліпені 2013 пазбавіўся права арэнды на ўчастак 1,7 га (права дзейнічала да 1 ліпеня 2014 года), дзе планаваў пабудаваць офісны цэнтр «Белгазпрамбанка». Будаўніцтва праекта мусіла пачацца яшчэ ў канцы 2011 года, і сёння будынак ужо мог бы паспяхова функцыянаваць.

Спачатку «дачка» «Газпрама» прапанавала правесці ацэнку страт беларускага бізнесу. У 2012 годзе яна дамовілася з РУП «Праектны інстытут «Белгіпразем» «па разліку сум арыентаваных страт (рынкавы кошт)» аб’ектаў нерухомасці аўтавакзала і забудоўшчыкаў ТДА «Перспектыва-Інвест Строй», ТДА «Аляксандраў-Строй», ТАА «Аміра Рон» і ГПУП «Ювейсэрвіс». Па выніках незалежнай ацэнкі ў лютым 2013 года кампаніі «Аляксандраў-Строй» было прысуджана да выплаты звыш 104,1 млрд беларускіх рублёў (па цяперашнім курсе гэта $11,5 млн). Якіх-небудзь прэтэнзій ад гарадскіх уладаў або «Газпрама» па сумах кампенсацый кампанія «Аляксандраў-Строй» не атрымала.

Але 4 красавіка 2013 г. выйшаў указ Аляксандра Лукашэнкі «Аб пытаннях будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў г. Мінску». Згодна з дакументам, структуры «Газпрама» павінныя заплаціць гораду $17,2 млн за арэнду зямельнага ўчастка і яшчэ $13,7 млн — за знос аўтавакзала «Маскоўскі». А страты, нанесеныя іншым землекарыстальнікам адбіраннем зямельных участкаў і зносам размешчаных на іх аб’ектаў нерухомай маёмасці, пакрываюцца паводле ацэнкі, зробленай арганізацыямі па землеўпарадкаванні, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні дзяржкамітэта па маёмасці, альбо РУП «Рэспубліканскі навукова-тэхнічны цэнтр па цэнаўтварэнні ў будаўніцтве». Сумы ва ўказе не прыведзеныя і арганізацыі, якія маюць права прэтэндаваць на выплаты, не пазначаныя.

Таму ў ліпені гарадскія ўлады паспрабавалі аспрэчыць вынікі ацэнкі, праведзенай раней «Белгіпраземам», і падалі ў Гаспадарчы суд Мінска позву да «Аляксандраў-Строй» з мэтай дамагчыся датэрміновага скасавання дамовы арэнды ўчастка ў добраахвотным парадку. Беларуская «дачка» «Газпрама» выступіла па гэтай позве трэцяй асобай. «Аляксандраў-Строй» прэтэнзію не прызнае, новая ацэнка, па словах прадстаўніка кампаніі, зойме працяглы час і пацягне новыя выдаткі з боку кампаніі. Будаўнічая фірма неаднаразова спрабавала мірна вырашыць пытанне, пасылаючы лісты ў Мінскі гарвыканкам, а таксама кіраўніку кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь» Аляксандру Мяшкову, аднак ён на лісты забудоўшчыкаў не адказаў. А гарадскія ўлады па-ранейшаму не прызнаюць суму кампенсацыі.

Прадстаўнік «Газпрам трансгаз Беларусь» і прэс-служба «Газпрама» адмовіліся ад каментароў. Звязацца з прадстаўнікамі гарвыканкама Мінска не ўдалося.

Партнёр беларускай юрыдычнай кампаніі Raidla Lejins&Norcous Валянцін Галіч лічыць, што ў «Аляксандраў-Строй» мала шанцаў пацвердзіць суму сваіх прэтэнзій у гаспадарчых судах Мінска. Паводле яго словаў, беларускія суды практычна не прысуджаюць страчаную выгаду ў сітуацыі камерцыйных спрэчак, і максімальная сума, на якую можа разлічваць забудоўшчык, — гэта кампенсацыя фактычна панесеных выдаткаў за знос будынкаў, а таксама па будаўніцтве аб’ектаў нерухомасці. На думку юрыста, найлепшы выхад для «Аляксандраў-Строй» — дамовіцца аб кампенсацыі наўпрост з «Газпрамам» або яго беларускай «дачкой».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?