2 лістапада Макс Корж стане першым беларускім выканаўцам, які збярэ «Мінск-Арэну».
«Наша Ніва» сабрала пяць фактаў пра спевака, якога называюць будучыняй беларускай музыкі.
Нарадзіўся ў Лунінцы
Макс Корж нарадзіўся ў Лунінцы, скончыў мясцовы ліцэй, пра што неаднаразова ўзгадвае ў сваіх песнях. Што цікава, у адрозненні ад шматлікіх беларускіх поп-выканаўцаў, ён ніколі не адмаўляў свайго паходжання, і нават падкрэсліваў яго – на апошнім альбоме выканаўцы ёсць сэмпл з беларускамоўнай абвесткай з мінскага тралейбуса.
Беларускамоўны
Макс Корж пачынаў як беларускамоўны рэпер у гурце LunClan.
Нягледзячы на тое, што абодва альбомы Каржа рускамоўныя, па ягоных словах, з беларускамоўнай музыкі ён нікуды не сыходзіў: прынамсі, у пачатку года ён абяцаў выпусціць некалькі песняў па-беларуску, якія захаваліся яшчэ з часоў LunClan.
Артыст найвялікшага лэйбла
Спявак працуе з лэйблам Respect Production. Гэта адзін з найбуйнейшых у Расіі лэйблаў, які займаецца рэп-музыкай. Заснавальнікі – гурт «Каста», найпапулярнейшая хіп-хоп-фармацыя на тэрыторыі СНГ. Гэта паспрыяла шырокай раскрутцы Макса Каржа, а таксама ягонай перамозе на StreetAwards у намінацыях «Артыст года» і «Кліп года».
Спрэчная творчасць
Яшчэ з часоў альбома «Животный мир» спрэчкі вакол творчасці Макса Каржа не сціхаюць – ці можна назаваць яго сапраўдным музыкай, ці ягоныя тэксты вытрымліваюць крытыку?
Некаторых вельмі раздражняе вялікая колькасць слэнгу і «гопніцкай» лексікі. Дайшло да таго, што з рускай Вікіпедыі артыкул «Макс Корж» выдалялі шэсць разоў, «праз адсутнасць значнасці».
Рух наперад
Тым не менш Макс Корж не збіраецца спыняцца – ягоная апошняя кружэлка за дзве гадзіны збірае тры тысячы лайкаў у інтэрнэце і робіцца самым папулярным рэлізам года.
2 лістапада на канцэрце ў «Мінск-Арэне» будзе аншлаг, арганізатары ўжо запланавалі наступны выступ Каржа – наступным разам на пачатку вясны, у «памяшканні трошкі меншым, аднак таксама прэстыжным».