Да заканчэння дзейнай крэдытнай праграмы з Беларуссю пачынаць новую не мае сэнсу, заявіў 12 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Маскве Ігар Фінагенаў, старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця, які кіруе сродкамі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

«Пакуль не скончана дзейная праграма, наступную пачынаць, натуральна, бессэнсоўна», — сказаў Фінагенаў, адказваючы на пытанне БелаПАН. Ён падкрэсліў, што спачатку трэба падвесці вынікі цяперашняй крэдытнай праграмы з Беларуссю.

«Неабходна спачатку ацаніць цяперашнюю праграму ў частцы эфектыўнасці, прааналізаваць падыходы з пункту гледжання таго, наколькі яны былі прымальныя для вырашэння задач у сувязі з эканамічнай сітуацыяй у Беларусі. Толькі пасля гэтага можна будзе зрабіць выснову, ці патрэбна новая праграма», — падкрэсліў Фінагенаў.

У жніўні Міністэрства фінансаў Беларусі выказала зацікаўленасць у заключэнні новай крэдытнай праграмы з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС.

Пачатак цяперашняй крэдытнай праграмы быў пакладзены два гады таму. 4 чэрвеня 2011 года Савет АКФ ухваліў выдзяленне Беларусі фінансавага крэдыту ў аб'ёме 3 млрд. долараў ЗША. Крэдыт выдзяляецца шасцю траншамі на працягу 2011—2013 гадоў у адпаведнасці з выкананнем этапаў крэдытнай праграмы беларускім урадам.

Пяты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС Беларусь атрымала 30 красавіка гэтага года. У ацэнцы фонду аб выкананні ўмоў пятага траншу паведамлялася, што краіна не выканала некалькі індыкатыўных паказчыкаў: у прыватнасці, па велічыні паступленняў ад прыватызацыі, узроўні кампенсавання насельніцтвам кошту паслуг ЖКГ і грамадскага транспарту. Акрамя таго, рост патрабаванняў банкаў да іншых сектараў эканомікі па выніках 2012 года ўдвая перавысіў запланаваны ўзровень.

Раней беларускія ўлады выказвалі надзею, што апошні, шосты, транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС будзе атрыманы ў лістападзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?