Урад разлічваў, што ВУП краіны вырасце на 8,5%. Аднак па выніках трох кварталаў лічба склала ўсяго 1,1%, і тое часткова за кошт змены метадалогіі падліку.
Чаму эканоміка Беларусі больш не расце? Адказ на гэтае пытанне імкнуліся даць эканамісты Зміцер Крук і Кацярына Барнукова падчас прэзентацыі на Кастрычніцкім эканамічным форуме, арганізаваным Даследчым цэнтрам ІПМ.
Зміцер Крук звяртае ўвагу, што пачынаючы з 2008-га галоўным фактарам росту беларускай эканомікі з’яўляецца нарошчаванне прамысловых магутнасцяў. А вось прадукцыйнасць расла значна меншымі тэмпамі, фактычна не змяніўшыся. Вычарпаўшы свой патэнцыял, яна стала асноўнай перашкодай для росту эканомікі.
Адну з асноўных прычын такой сітуацыі эксперты бачаць у неэфектыўным дырэктыўным крэдытаванні.
Зміцер Крук прааналізаваў рост прадукцыйнасці па галінах беларускай эканомікі. Ён быў дасягнуты толькі ў трох сектарах: паліўным (у тым ліку дзякуючы льготнай расійскай нафце), хімічным (экспарт растваральнікаў) і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Яе росквіт эксперт тлумачыць штучным стымуляваннем попыту ўнутры краіны.
Прадукцыйнасць эканомікі значна адстае ад паказчыкаў у еўрапейскіх краінах, і адставанне скарачаецца надзвычай марудна. Напрыклад, у 2000-м беларуская прадукцыйнасць складала 25% у параўнанні са шведскай, а ў 2010-м — 30%. Прычым прадукцыйнасць прамысловасці адстае ў найбольшай ступені.
«Зніжэнне росту эканомікі — гэта не наступства сусветнага крызісу, а сістэмная праблема, звязаная з нізкай прадукцыйнасцю. А гэта страта канкурэнтаздольнасці», — падсумоўвае Кацярына Барнукова.
Што трэба рабіць у атрыманай сітуацыі? Эксперты раяць чыноўнікам забяспечыць свабоднае пераразмеркаванне рэсурсаў, што павялічыць прадукцыйнасць. Аднак неспалучальнасць існуючай сацыяльна-эканамічнай праграмы развіцця Беларусі з гэтай прапановай бачная нават не эканамістам.