Украінская апазіцыя робіць памылку, патрабуючы адстаўкі прэзідэнта Віктара Януковіча, лічыць міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Пра гэта ён сказаў у эфіры тэлеканала TVN24, паведамляе РІА Новості.

«Патрабаванне адстаўкі прэзідэнта Украіны — гэта палітычная памылка, таму што прэзідэнт з'яўляецца тым чалавекам, які прымае рашэнні аб стварэнні кааліцыйнага ўрада ці аб падпісанні пагаднення аб асацыяцыі», — лічыць польскі міністр.

Сікорскі заклікаў бакі канфлікту да спакою, ахарактарызаваўшы цяперашнюю сітуацыю як клінч, які могуць развесці толькі лідары Украіны, саступіўшы ў патрабаваннях.

«Украінскія эліты стаяць перад гістарычным выбарам. Спадзяюся, што яны пройдуць гэта выпрабаванне», — падкрэсліў ён.

Як паведамлялася, Сікорскі стрымана ўхваліў знос помніка Уладзіміру Леніну ў цэнтры Кіева.

Таксама падчас гэтай праграмы Сікорскі параўнаў аднаго з магчымых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла ва Украіне Віталя Клічко з першым прэзідэнтам Польшчы пасля звяржэння ў ёй камуністычнага рэжыму Лехам Валенсам, паведамляе УНІАН.

«Вельмі цікавая асоба. Бачу пэўнае падабенства з Лехам Валэнсам», — адзначыў Сікорскі. У той жа час ён лічыць, што Клічко «яшчэ не да канца палітычна сфармаваны». «Бачу ў яго такую харызму ў кантакце з натоўпам. Мабыць, гэта лепш вызначаць тыя, хто быў на Майдане, але здаецца, што самой паставай дамінуе над асяроддзем», — дадаў польскі міністр.

Сікорскі адзначыў, што ведае ва ўкраінскім палітыкуме некалькіх людзей, якія могуць рэалізаваць ва Украіне рэформы, неабходныя для інтэграцыі з Еўрапейскім саюзам. Сярод іх ён назваў былых міністраў замежных спраў Арсеня Яцанюка і Пятра Парашэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?