Вечарам 8 снежня ў «Мінск-Арэне» папулярны ўкраінскі гурт «Океан Ельзи» даў трохгадзінны канцэрт. Ён выходзіў на біс чатыры разы.

Лідар гурту Святаслаў Вакарчук пасля першай песні спытаўся, ці разумеюць яго па-ўкраінску. Пачуўшы сцвярджальны адказ, музыкант размаўляў з публікай на роднай мове.

Казаў ён няшмат, у асноўным дзякаваў мінчанам і ўсім беларусам за падтрымку і любоў. Словы «Дзякуй, Мінск!» Святаслаў паўтараў пасля кожнай песні.

Калі музыканты пачалі іграць першыя акорды папулярнай кампазіцыі «Без бою», Вакарчук узяў у гледачоў вялікі ўкраінскі сцяг і спяваў з ім на шыі. Перад песняй «Усё буде добре» ён звярнуўся да гледачоў, якіх сабралася поўная «Мінск-Арэна»:

«Дзякуй за вашу падтрымку! Сёння яна вельмі патрэбна не толькі нашаму гурту, але і нашай краіне!»

«Океан Ельзи» выканаў як новыя, так і старыя кампазіцыі. Многія прыхільнікі калектыву ўжо ведалі словы песень з альбома «Зямля» на памяць. Падчас канцэрта фанаты арганізавалі флэшмоб: прынеслі белыя паветраныя балонікі з чырвоным сэрцам, у якім быў лагатып гурту, і пускалі іх у фан-зоне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?