За кошт дзяржпошліны — ці, як яе адразу назвалі ў народзе, «транспартнага падатку» — у дзяржаўны бюджэт ў 2014 годзе плануюць прыцягнуць 1,6 трлн рублёў.

Закон «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год» падпісаны 31 снежня 2013 і апублікаваны на Нацыянальным прававым партале 2 студзеня 2014 года.

Артыкул 3 Закона прадугледжвае «нарматывы адлічэнняў ад … дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, якая атрымліваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у даход рэспубліканскага бюджэту — у памеры 50%, у даходы кансалідаваных бюджэтаў абласцей і бюджэту г. Мінска — у памеры 50%».

Пошліна павінна быць выплачаная перад праходжаннем тэхагляду (раз у год - для аўтамабіляў старэйшым за 10 гадоў, раз у два гады ў падвойным памеры — для аўтамабіляў, якім меней за 10 гадоў). Стаўкі пошліны ў асноўным залежаць ад вагі аўтамабіля і прыналежнасці — фізічнай або юрыдычнай асобе.

Артыкулам 11 Закона зацверджаны выдаткі рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне дарожнай гаспадаркі (без уліку сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця) — крыху больш за 3 трлн рублёў. Размеркаваннем сродкаў будзе займацца Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

Савету Міністраў даручана ў трохмесячны тэрмін зрабіць захады па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Закон уступіў у сілу 1 студзеня 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?