Адміністрацыя прэзідэнта не задаволіла хадайніцтва зоаабарончых арганізацый аб унясенні ў план заканатворчай дзейнасці на 2014 год распрацоўкі праекта закона «Аб абароне жывёл». 

Прадстаўнікі шэрагу арганізацый («Зоашанц», «КіС», «Суперкот», «горад», Беларуская партыя «Зялёныя») адправілі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта 18 снежня. Зоаабаронцы прапаноўвалі

ў паскораным парадку распачаць у 2014 годзе распрацоўку праекта закона «Аб абароне жывёл», а таксама ўвесці ў Крымінальны кодэкс Беларусі артыкул «Жорсткае абыходжанне з жывёламі» і змены ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, каб надзяліць службовыя асобы органаў МУС правам на складанне пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях па артыкуле 15.45 КоАП (жорсткае абыходжанне з жывёламі).

Пры немагчымасці ўнясення зменаў у план падрыхтоўкі законапраектаў зоаабаронцы прапаноўвалі разгледзець магчымасць увядзення спецыяльнага акта, які б рэгуляваў абарону жывёл.

У Адміністрацыі прэзідэнта валанцёрам паведамілі, што «задаволіць хадайніцтва зараз не ўяўляецца магчымым, бо праект плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2014 год ужо сфарміраваны».

«Пытанне аб мэтазгоднасці падрыхтоўкі закона «Аб абароне жывёл» мае патрэбу таксама ў прапрацоўцы з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, таму што для належнай рэалізацыі яго палажэнняў спатрэбіцца адшукаць значныя бюджэтныя сродкі», — гаворыцца ў адказе, працытаваным зоаабаронцамі. 

Зварот зоаабаронцаў адпраўлены ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў для сумеснай прапрацоўкі з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі мэтазгоднасці і падрыхтоўкі праекта закона РБ «Аб абароне жывёл», гаворыцца ў адказе. 

Разам з тым прадстаўнікі зоаабарончых арганізацый зазначаюць, што большасць іх прапаноў былі праігнараваныя. «Ліст не ўтрымлівае ні слова аб магчымасці ўнясення зменаў у Крымінальны кодэкс і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях, магчымасць увядзення спецыяльнага акта, які б рэгуляваў абарону жывёл», — гаворыцца ў прэс-рэлізе. 

«Як бачна з адказу, асноўнай прычынай нежадання вяртацца да закона з'яўляецца фінансавая немэтазгоднасць, таму што спатрэбяцца сродкі для абсталявання дадатковых пляцовак для выгулу сабак, прытулкаў для жывёл і г.д.», — зазначылі зоаабаронцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?