З 1 красавіка гэтага года праязныя білеты на грамадскі транспарт у Мінску будуць прадавацца толькі на бескантактных смарт-картах (БСК).

Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 25 лютага паведаміў начальнік КУП «Мінскі метрапалітэн» Расціслаў Юрэня. 

«Гэта будзе карта, сумешчаная з усімі тыпамі транспарту. Гэта значыць тыя паперкі, якія выдаюцца дадаткова да нашых білетаў на метро на пластыкавых картах, сыдуць. Уся інфармацыя па білеце будзе заганяцца на чып адной радыёкарты», — расказаў Юрэня. 

Ён нагадаў, што ўстаноўка прылад для счытвання цяпер актыўна вядзецца на наземным транспарце. 

Юрэня таксама паведаміў, што 1 сакавіка пачнецца ўкараненне інфакіёскаў для папаўнення БСК. «Сёння ў тэставым рэжыме запускаем адзін інфакіёск на станцыі «Плошча Леніна». Можна будзе, прыклаўшы банкаўскую картку і БСК, папоўніць яе сродкамі на колькасць паездак ці на пэўны тэрмін», — расказаў ён. 

Акрамя таго, з 1 красавіка карту БСК можна будзе не здаваць, а папаўняць у пунктах продажу. З гэтай даты таксама выводзяцца з абарачэння карты з магнітнай стужкай. 

Яшчэ адно новаўвядзенне, якое ўкараняецца ў сістэму аплаты праезду ў метро, — SMS-білет. Гэту сістэму з 6 красавіка ўкараняе мабільны аператар life:). Штодня гэтым відам аплаты скарыстаюцца 500 чалавек. Цяпер ідуць перамовы з іншымі мабільнымі аператарамі па развіцці гэтай сістэмы. 

Тым не менш сёння 58% пасажыраў метро купляе аднаразовыя жэтоны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?