Лекцыя «Палессе і Скірмунты (па матэрыялах вуснай гісторыі)» адбудзецца ў крэатыўнай прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58/6), пачатак у 18.30. Уваход вольны.

Доўгі час гэтай тэмай цікавіліся толькі нешматлікія адмыслоўцы і цікаўныя людзі, пры гэтым факталогія была небагатай. Для шырокага ж грамадства гісторыя Скірмунтаў была малазнаёмай ці незнаёмай зусім. У той жа час з гэтым родам на Палессі звязана нямала цікавых фактаў і падзей: гэта, бадай, самы паспяховы прыклад прадпрымальніцкай дзейнасці ў тагачаснай Беларусі — у 1836 годзе Скірмунты стварылі суконную фабрыку, куды ехалі працаваць майстры з Францыі і Германіі; імя Скірмунтаў гучала і на палітычнай арэне: Раман Скірмунт у 1918 годзе на кароткі час узначаліў урад Беларускай народнай рэспублікі.

Даследаванне Алеся Смаленчука грунтуецца на сумяшчэнні розных падыходаў – як традыцыйнага (праца з гістарычнымі дакументамі), так і новага, які толькі нядаўна ўвайшоў у практыку некаторых беларускіх гісторыкаў – вуснай гісторыі.

Менавіта выкарыстанне гэтага новага гістарычнага метаду і робіць працу асабліва цікавай і адметнай.

Бо апытанне сведак не так даўно мінулай гісторыі дае нам не толькі новую факталогію датычна часу Рамана Скірмунта — часу зараджэння беларускага нацыянальнага руху. Тут, як кажа сам даследчык, падвоеная гісторыя: з аднаго боку, гэта запіс успамінаў, спроба стварыць пэўную нарацыю постаці Скірмунта, а з іншага — гэта даследаванне сённяшніх беларусаў, іх памяці, свядомасці, таго, як яна змянялася. Бо тое, што расказваюць людзі, залежыць не толькі ад таго, што было 70-80 гадоў таму, але і ад таго, чым яны сёння жывуць, як успрымаюць жыццё.

Да якіх высноваў пра Беларусь пачатку ХХ стагоддзя, пра беларусаў пачатку XXI стагоддзя прыйшоў даследчык? Што з аповедаў пра нацыянальны рух на Беларусі праўда, а што — міф? Нацыянальнае ці сацыяльнае – якімі прыярытэтамі жылі паспалітыя беларусы?

Арганізатары забяспечаць online-трансляцыю лекцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?