Таццяна Селіх.

Завершана расследаванне крымінальнай справы супраць Таццяны Селіх.

«Устаноўлена, што дырэктар фабрыкі дала загад набыць за кошт прадпрыемства ў камерцыйнай фірмы спецыяльнае падслухоўваючае і гуказапісваючае абсталяванне і ўстанавіла яго ў службовых памяшканнях. Пры гэтым уся інфармацыя пра размовы супрацоўнікаў акумулявалася на камп’ютары кіраўніка фабрыкі,што з’яўляецца парушэннем таямніцы тэлефонных і іншых размоў»,

— паведаміў прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.

Экс-дырэктару прад’яўлена абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: незаконнае набыццё сродкаў для негалоснага атрымання інфармацыі, злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі, парушэнне таямніцы тэлефонных перамоваў. Максімальнае пакаранне, якое ёй пагражае, — да 10 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці.

«Падчас расследавання абвінавачаная адмовілася ад супрацоўніцтва з органамі крымінальнага пераследавання, рабіла спробы перашкодзіць дзеянням следчых і не прызнавала сваёй віны ў інкрымінуемых ёй злачынствах.

Пры гэтым, па справе дапытана больш за 50 сведкаў і пацярпелых, атрыманыя заключэнні па ўсіх экспертызах, у тым ліку па канфіскаваным абсталяванні для праслухоўвання, сабраныя іншыя доказы», — адзначыў Герасімаў.

Матэрыялы справы перададзены пракурору для накіравання ў суд.

Акрамя таго, падчас следства фабрыка «Слодыч» заявіла пазоў аб кампенсацыі шкоды ў памеры 202 мільёнаў рублёў. Былі выяўлены арганізацыйныя і фінансавыя парушэнні з боку дырэктара. Па гэтых фактах праводзяцца дадатковыя праверкі.

Затрыманне Таццяны Селіх адбылося ў снежні 2013. Яна ўзначальвала прадпрыемства з красавіка 2009.

З 2007 яна была намеснікам дырэктара па лагістыцы. Летась яна стала пераможцай конкурсу «Жанчына года-2012» у намінацыі «За прафесіяналізм». У 2011 Таццяна Селіх была адзначана прэміяй часопіса «Дело» за падтрымку высокага стандарта сваёй прадукцыі на айчынным і замежным рынках.

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?