Арганізацыйны камітэт па правядзенні Дня Волі — чарговай гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР — мае намер дамагацца дазволу ў Мінгарвыканкама на правядзенне ў сталіцы шэсця па праспекце Незалежнасці і мітынгу на аднайменнай плошчы. Заяўка на правядзенне акцыі будзе перададзена ў Мінгарвыканкам 7 сакавіка.
Аб гэтым паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Дзень Волі — 2013, фота Антона Матолькі
«Сёння мы прынялі рашэнне падаваць заяўку на правядзенне акцыі 25 сакавіка: сход удзельнікаў на пляцоўцы каля акадэміі навук, затым у заяўцы просім дазволіць шэсце па праспекце Незалежнасці і мітынг на плошчы Незалежнасці з 19.30 да 20.00», — сказаў ён.
Падпісваць заяўку на правядзенне акцыі плануе сам Янукевіч, намеснік старшыні руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец і лідар аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» Марына Хоміч, а таксама, верагодна, прадстаўнікі іншых арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні акцыі.
У аргкамітэт па правядзенні акцыі ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За Свабоду», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кампаніі «Гавары праўду», аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху салідарнасці «Разам».
Раней аргкамітэт разглядаў дзве магчымыя даты правядзення акцыі — 23 сакавіка, у нядзелю, днём і непасрэдна ў Дзень Волі, 25 сакавіка, у будны дзень, вечарам.
Плануецца, што акцыя будзе праведзена пад знакам салідарнасці з Украінай, а таксама асуджэння крамлёўскай агрэсіі ў гэтай краіне. Мяркуецца, яна пачнецца выкананнем гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», тэкст якога аргкамітэт прапаноўвае вывучыць загадзя.