Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч разгледзеў справаздачы вядучых міністэрстваў і канцэрнаў аб выніках працы па выкананні прагнозных заданняў у студзені—лютым 2014 года, прыманых мерах па іх выкананні ў першым квартале 2014 года і па выніках года. 

Асаблівая ўвага нададзена зніжэнню складскіх запасаў, знешняй дэбіторскай запазычанасці, росту экспарту, паведаміла прэс-служба ўрада. Адказныя службовыя асобы запэўнілі Мясніковіча, што ключавыя якасныя паказчыкі першага квартала будуць выкананыя.

Як зазначыла прэс-служба, рост складскіх запасаў гатовай прадукцыі, характэрны для пачатку года ў сілу сезоннасці, знаходзіцца ў межах зацверджаных параметраў. Распрацаваныя стратэгіі скарачэння складскіх запасаў дазволяць выйсці на мэтавыя паказчыкі, устаноўленыя ў прагнозных дакументах, мяркуюць ва ўрадзе. Разам з тым прэм'ер-міністр указаў на недахопы і дадатковыя рэзервы ў працы па павелічэнні экспарту тавараў і паслуг. Гэта недастатковая дыверсіфікацыя рынкаў збыту, асваенне вытворчасці новых відаў інавацыйнай экспартна арыентаванай прадукцыі, стварэнне зборачных вытворчасцяў і прадстаўніцтваў. Крытыка кіраўніка ўрада тычылася таксама нізкай дынамікі па выручцы на аднаго сярэдняспіскавага работніка, рэнтабельнасці продажу і прыбытку. 

Прэм'ер-міністр даручыў пад персанальную адказнасць кіраўнікоў прыняць неабходныя меры і забяспечыць выкананне ўстаноўленых заданняў як у першым квартале 2014 года, так і па годзе ў цэлым. Мясніковіч адзначыў недастатковую працу Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, уключаючы каардынацыю аграпрадпрыемстваў усіх форм уласнасці. Асаблівая ўвага звернута на неабходнасць выканання тэхналагічнай дысцыпліны. Прэм'ер-міністр мяркуе, што Мінсельгасхарч павінен узмацніць свой уплыў на працэсы, што адбываюцца ў галіне. Дадзена даручэнне «пры невыкананні сельгасарганізацыямі рэкамендацый вучоных НАН Беларусі і Мінсельгасхарчу, што мела вынікам нанясенне ўрону эканоміцы аграпрамысловага комплексу, уносіць матэрыялы аб адказнасці кадраў на разгляд прэзідыума Савета міністраў Беларусі і перадаваць ва ўстаноўленым парадку ў Следчы камітэт і Камітэт дзяржаўнага кантролю». 

Дадаткова Мінсельгасхарчу і Дзяржстандарту даручана забяспечыць «сумленную канкурэнцыю на рынках мяса-малочнай, кандытарскай і іншай прадукцыі». Канцэрну «Белдзяржхачпрам» пастаўлена задача забяспечыць у першым квартале тэмп росту прадукцыі прамысловасці не ніжэйшы за леташні ўзровень. Дадатковы экспарт прадукцыі павінен быць у піваварнай, кандытарскай, кансервавай, тытунёвай, лікёра-гарэлачнай галінах. 

Пры справаздачы Мінбудархітэктуры зазначана, што ў цэлым па краіне не зніжаюцца тэмпы рэалізацыі жыллёвай праграмы. За два месяцы пабудаваныя 754,1 тыс. кв. метраў жылля. Гэта больш чым на 100 тыс. кв. метраў больш, чым летась. Разам з тым прэм'ер-міністр адзначыў недахопы па аб'ёмах будаўніча-мантажных работ і экспарце. Міністру архітэктуры і будаўніцтва пад персанальную адказнасць даручана прыняць меры па максімальным выкананні аб'ёмаў будаўніча-мантажных работ (у тым ліку экспартных) у астатнім перыядзе першага квартала 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?