Як перадае Deutsche Welle, міністр фінансаў Германіі Вольфганг Шойбле назваў бездэфіцытны бюджэт адной з галоўных мэтаў нямецкага ўрада.

«Без магутнага працяглага эканамічнага росту няма стабільных фінансаў, але і без стабільных фінансаў не можа быць працяглага росту», — заявіў В. Шойбле на адкрыцці чатырохдзённага пасяджэння Бундэстагу, прысвечанага бюджэту ФРГ на наступны год.

«Мы павінныя спачатку зарабіць тое, што збіраемся траціць», — лічыць нямецкі палітык. Паводле яго словаў, збалансаваны бюджэт — гэта «важны крок» на шляху да таго, каб «дзяржава не рабіла новых пазыкаў».

Украінскі крызіс ставіць германскую мэту выхаду на бездэфіцытны бюджэт пад пагрозу, адзначыў В. Шойбле.

«Нельга гарантаваць, што мы не выдаткуем больш, чым планавалася і чым заробім, напрыклад, ніхто не ведае, чым усё павернецца ва Украіне», — сказаў ён у інтэрв'ю газеце Das Bild.

Расходная частка бюджэту ФРГ ў 2014 годзе складзе 298,5 млрд еўра, а дэфіцыт, як чакаецца, будзе самым нізкім за 40 гадоў — 6,5 млрд еўра супраць 22,1 млрд еўра ў 2013 годзе. Гэтыя 6,5 млрд еўра будуць пакрытыя за кошт замежных пазычанняў. Аднак у наступным годзе, як лічыць В. Шойбле, Германія зможа дазволіць сабе не прыцягваць пазыковыя сродкі ўпершыню з 1969 года.

Такой бюджэтнай палітыкі кіраўнік Мінфіна збіраецца прытрымлівацца і далей — да 2018 года, адзначае агенцтва dpa. Збалансаваны бюджэт «павінен стаць новай нормай» для Германіі, падкрэсліў міністр.

Канцлер ФРГ Ангела Меркель у сераду зноў заявіла, што ўрад ставіць перад сабой мэту забяспечыць у 2015 годзе першы прафіцыт бюджэту з 1969 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?