Пра гэта заявіла Amnesty International.

АДЦ «Мемарыял» — адна з найбуйнейшых праваабарончых НКА, якая дапамагае ахвярам расізму і ксенафобіі, — вырашыла прыпыніць сваю дзейнасць у Расіі, не жадаючы насіць ярлык «замежнага агента» або падвяргаць свайго кіраўніка пагрозе крымінальнага пераследу за адмову ад рэгістрацыі.

«У суда было дзве магчымасці, аднак вынесенае рашэнне аказалася зусім не на карысць справядлівасці і правоў чалавека.

Гэтае недальнабачнае рашэнне ідзе ў нагу з прыгнётам расійскімі ўладамі любых праяваў грамадзянскай супольнасці. Яно з'яўляецца небяспечным прэцэдэнтам, які могуць выкарыстоўваць супраць іншых НКА», — заявіў Сяргей Нікіцін, дырэктар прадстаўніцтва Amnesty International у Маскве, дадаўшы:

«Расійскія ўлады мэтанакіравана пазбаўляюць грамадства магчымасці пачуць які-небудзь альтэрнатыўны пункт гледжання і руйнуюць саму магчымасць кантролю работы ўрада з боку грамадства. Мішэнню робіцца кожны, у каго хапіла адвагі крытыкаваць уладу».

Пераслед АДЦ «Мемарыял» пачаўся больш за год таму, калі пракуратура абвясціла даклад «Цыгане, мігранты, актывісты: ахвяры паліцэйскага самавольства», прадстаўлены Камітэту ААН супраць катаванняў у лістападзе 2012 года, доказам таго, што АДЦ «Мемарыял», не зарэгістраваўшыся ў якасці «замежнага агента», займаецца «палітычнай дзейнасцю», што з'яўляецца парушэннем прынятага незадоўга да гэтага закона аб замежных агентах.

У траўні і ліпені 2013 НКА паспяхова выйграла абедзве справы, заведзеных супраць яе з падачы пракуратуры. Аднак 12 снежня 2013 пецярбургскі суд задаволіў новае хадайніцтва пракуратуры прызнаць усе дзеянні АДЦ «Мемарыял» «палітычнай дзейнасцю» і абавязаць яго зарэгістравацца ў якасці «замежнага агента».

Стэфанія Кулаева, кіраўнік АДЦ «Мемарыял», выказала шкадаванне з нагоды сённяшняга рашэння суда, размаўляючы з прадстаўнікамі Amnesty International.

«Судовы працэс не быў аб'ектыўным, — расказала Amnesty International Стэфанія Кулаева. — Нашых абаронцаў пастаянна перабівалі, а бок абвінавачвання мог дзейнічаць свабодна».

Закон аб «замежных агентах», прыняты больш за год таму, дае расійскім уладам права накладаць буйныя штрафы і прыцягваць да сур'ёзнай адміністрацыйнай адказнасці арганізацыі, якія фінансуюцца з-за мяжы і якія займаюцца, згодна з даволі расплывістым вызначэннем, «палітычнай дзейнасцю», але не зарэгістраваліся ў якасці «арганізацыі, якая выконвае функцыі замежнага агента».

Рашэнне суда па справе АДЦ «Мемарыял» прынятае ў той жа дзень, калі Канстытуцыйны суд РФ пастанавіў, што закон аб «замежных агентах» не супярэчыць канстытуцыі краіны. Цэлы шэраг НКА і ўпаўнаважаны па правах чалавека Уладзімір Лукін апратэставалі гэты закон на той падставе, што ён абмяжоўвае свабоду самавыяўлення і свабоду асацыяцый, хоць маецца на ўвазе, што і тое, і другое гарантуецца расійскай канстытуцыяй.

«Становіцца ўсё больш відавочным, што расійскія ўлады з д'ябальскай упартасцю імкнуцца любой цаной здушыць грамадзянскую супольнасць», — заявіў Сяргей Нікіцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?