27 красавіка гурт BosaeSonca зайграе вялікі канцэрт з праграмай «Адпусці».

Уладальнікі прыза «Найлепшы беларускамоўны альбом» на ўзнагародах Experty.by рыхтуюць да яго адмысловыя цікавосткі.

BosaeSonca складана назваць навічкамі – яны даўно разам і ўжо каля пяці гадоў хадзілі ў «надзеях беларускай рок-сцэны». Складалі песні, гралі канцэрты, выдавалі сінглы, часам з’яўляліся на тэлебачанні, але ніяк не маглі запісаць дэбютны альбом. А за 2013 год выдалі адразу два, прычым цалкам розных. Спачатку дэпрэсіўна-рокавы «Залаты», а потым лірычна-акустычны «Адпусці».

І калі першы на пачатку года прайшоў амаль не заўважаным, то выдадзены ўвосень «Адпусці» стаўся амаль сэнсацыяй у колах журналістаў і аматараў беларускай музыкі. «Прадукт высокай якасці, які смела можна паставіць побач са знакамітымі камандамі сусветнага ўзроўню», – адзначыў у сваёй рэцэнзіі аўтар і вядучы легендарнай тэлепраграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў і параўнаў BosaeSonca з брытанцамі Turin Brakes.

– Альбом «Адпусці» мы запісвалі, як развітальнае пасланне гурту BosaeSonca. Мы цалкам сур’ёзна збіраліся зачыняць праект, таму што вельмі шмат энэргіі было ўкладзена ў «Залаты», але гэта аніяк не апраўдала сябе. Тым больш нечаканым быў шквал ухваленняў адносна другога альбома. Можна сказаць, што гэта выратавала гурт і дало моц ісці далей, – распавёў вакаліст калектыву Алесь Кот-Зайцаў.

Больш за тое, у лютым дыск перамог на ўзнагародах Experty.by у намінацыі «Лепшы беларускамоўны альбом» і атрымаў прыз ад грамадскай культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!» – рэкламна-інфармацыйную падтрымку канцэрта. Гэткім чынам выступ будзе ўдвая адказным – гэта справаздача за ўзнагароду і спроба намаляваць новую будучыню для гурту.

– Для нас заўжды важна стварыць на канцэрце адпаведную атмасферу. Гэта будзе выступ са струнным трыа з акцэнтам на лёгкае паўакустычнае гучанне альбома «Адпусці». Абяцаем усе лепшыя песні і і некалькі новых, – адзначыў Алесь Кот-Зайцаў.

Канцэрт пройдзе ў клубе Tarantino (Кастрычніцкая, 5, (адваротны бок КЗ «Мінск»)). Пачатак у 19.00. Квіткі: танцпол – 70 тыс. (толькі 30 асобнікаў у клубе Tarantino), 80 тыс. (папярэдне ў касах Kvitki.by), 100 тыс. у дзень канцэрта; столікі – 120 тыс. (у клубе). Даведка: 377 80 00 (Velcom, MТС). Сустрэча на Facebook і Vkontakte.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?