Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне 26 красавіка акцыі «Чарнобыльскт шлях», але змяніў фармат акцыі.

Таццяна Новікава, Аляксей Янукевіч, Дзяніс Садоўскі, Ілля Дабратвор

Таццяна Новікава, Аляксей Янукевіч, Дзяніс Садоўскі, Ілля Дабратвор

Раней заяўнікі прасілі дазволі на правядзенне акцыі па маршруце: кінатэатр «Кастрычнік» (ст. метро «Акадэмія навук») — вул. Хмяльніцкага — Я. Коласа — Лагойскі тракт — урочышча Курапаты з 12:00 да 15:00.

Гарвыканкам дазволіў правядзенне «Чарнобыльскага шляху» ў звыклым апошнім часам фармаце: збор удзельнікаў з 16.00 да 16.30 каля кінатэатра «Кастрычнік», шэсце па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, правядзенне ў парку мітынгу з 17.30 да 18.30.

Да таго ж першапачатковы заяўнік на арганізацыю «Чарнобыльскага шляху» Ілля Дабратвор паведаміў, што яго выключылі са спісу арганізатараў. Дабратвор патлумачыў сваё выключэнне з ліку заяўнікаў наступным чынам:

«У Мінгарвыканкаме спаслаліся на тое, што 24.03.2014 быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак я хачу заявіць, што ў гэты дзень я святкаваў дзень нараджэння, і нават не ведаю, ці трэба падаваць заяву аб масавым мерапрыемстве на святкаванне ўласнага дня нараджэння».

Па словах кіраўніка Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, адмова ў правядзенні акцыі ў заяўленым фармаце (шэсце да Курапатаў) у гарвыканкаме патлумачылі тым, што па абраным маршруце знаходзяцца адміністратыўныя будынкі, правядзенне масавых акцый каля якіх забаронена законам. Рашэнне Мінгарвыканкама прынята з улікам пазіцыі Мінскага райвыканкама. Таксама Янукевіч патлумачыў, што Мінгарвыканкам не дазволіў правесці мерапрыемства раней, бо ў Парку дружбы народаў на ранейшы час запланавана афіцыйнае мерапрыемства.

«Таксама чыноўнікі паведамілі, што пасля правядзення шэсця на Дзень волі ад мінчукоў паступілі скаргі на выкарыстанне партрэтаў украінцаў, да якіх у грамадстве існуе неадназначнае стаўленне,

і папрасілі арганізатарам «Чарнобыльскага шляху» і будучым арганізатарам мітынгаў на Дзень волі прыняць тое да ведама. Аднак нас цешыць, што выкарыстанне партрэтаў такіх беларусаў як Вітушка і Булак-Балаховіча не выклікала пратэсту. Відаць, у беларускім грамадстве наконт гэтых герояў існуе кансэнсус і згода, і я лічу што ўжо гэта ёсць някепскім вынікам», — сказаў ён.

Фінальнай кропкай шэсця, паводле арганізатараў, мусіць стаць чарнобыльская капліца, куды пасля заканчэння мітынгў ў індывідуальным парадку ўсіх жадаючых запросяць арганізатары.

Аляксей Янукевіч і прэс-сакратар БХД Дзяніс Садоўскі выказалі пратэст супраць змянення першапачаткова заяўленага маршрута шэсця.

«Аднак «Чарнобыльскі шлях» перш за ўсё акцыя памяці, «Чарнобыльскі шлях» не месца для сутычак з АМАП — для гэтага ёсць іншыя мерапрыемствы, падчас якіх трэба праявіць жорстую пазіцыю. У звязку з гэтым мы пагадзідліся на ўмовы Мінгарвыканкама», — дадаў Садоўскі.

Таццяна Новікава з арганізацыі «Экадом» паведаміла, што ад сябе падала заяўку на правядзенне мітынгу «За бяз'ядзерны свет» 26 красавіка ў Парку дружбы народаў з 18:00 да 20:00, каб першы мітынг «плаўна перацёк у другі».

«Акрамя мітынгу мы арганізуем дыскусію «Экалагічныя наступствы ядзерных катастроф», якая адбудзецца ў галерэі «Ў» 22 красавіка з 18:30 да 21:00.

У дыскусіі возме ўдзел вядомы брытанскі даследчык Крыс Басбі і Юрый Варонежцаў — беларускі навукоўца, былы адказны сакратар дзяржаўнай камісіі Вярхоўнага савета СССР па расследаванні прычын катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», — сказала Новікава.

Галоўным ідэалагічным пасланнем гэтага года на «Чарнобыльскім шляху», які неаднаразова падкрэслілі ўсе арганізатары акцыі, стане пратэст супраць расійскай ядзернай экспансіі ў Беларусь: як у выглядзе будаўніцтва АЭС у Астраўцы, што праходзіць па «эксперыментальным» праекце і з шматлікімі парушэннямі, так і ў выглядзе магчымага размяшчэння тактычнай ядзернай зброі на расійскіх знішчальніках, дыслакаваных на беларускіх авіябазах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?