фота Юры Сідуна

фота Юры Сідуна

Гурт «Bosae Sonca» імкліва становіцца адной з найцікавейшых беларускамоўных камандаў найноўшага часу, а ў 2013-м здзівіў прыхільнікаў, выпусціўшы два альбомы. І калі першы — электрычны «Залаты» атрымаў проста добрыя рэцэнзіі, то акустычны «Адпусці» атрымаў узнагароду Experty.by як найлепшы беларускамоўны альбом.

27 красавіка гурт адыграе вялікі канцэрт у мінскім клубе Tarantino, дзе прэзентуе альбом у «правільным гучанні». Канцэрт ладзяць «Эксперты» і кампанія «Будзьма беларусамі».

Лідар гурту Алесь Кот-Зайцаў напярэдадні канцэрта расказаў «Нашай Ніве» пра жыццё на два гарады, уплыў на сваю творчасць Вайцюшкевіча, і тое, ці можа музыка быць прафесіяй.

Пра Мінск і Маскву

Зараз я жыву на два гарады — Мінск і Масква. Мінск — гэта найперш дом, блізкія і родныя людзі, сваё асяроддзе, тут я адчуваю сябе ў сваёй талерцы ў любой сітуацыі. Масква — мегаполіс, надзвычай разнастайны: шмат розных тусовак, культурніцкіх пляцовак.

Рэч у тым, што і ў Беларусі, і ў Расіі я займаюся менавіта музыкай, і тут розніца ёсць, у Маскве ўвесь музычны рух адбываецца па правілах, бліжэйшых да шоу-бізнэсу. З іншага боку, шоу-бізнэс ёсць і ў Беларусі, але ён зусім іншы.

Музыка з дзяцінства

Музыкай з дзяцінства займаюся. Існуе такі стэрэатып, што музыка гэта не прафесія для нармальнага адэкватнага чалавека. Таму бацькі хваляваліся, што хлопчык з нармальнай адукацыяй, схіляецца да музыкі, замест таго, каб абраць нармальную прафесію.

У бацькоў былі ваганні – ці даваць мне адпаведную адукацыю, ці трымаць музычныя захапленні ў фармаце «хобі». Так ці іначай, пісаць музыку і ставіцца да гэтага як да прызвання я пачаў гадоў у 17.

фота Юры Сідуна

Пра арыенціры

Слухаў заўжды вельмі шмат і рознага – ад Led Zeppelin і Pink Floyd да The Killers і Muse. Вельмі шмат альтэрнатыўнай, незалежнай музыка, тое што называецца «індзі».

Калі браць беларускую музыку, то спачатку як і ўсе слухаў N.R.M. і Ulis. Пасля неяк адкрыў для сябе акустычную музыку, у прыватнасці Вайцюшкевіча. У студэнцкія гады на першым спатканні з будучай жонкай я адвёў яе на канцэрт Вайцюшкевіча, можа тое і паўплывала на наш далейшы лёс.

Пра сям’ю

Музыкант — не лепшы варыянт для стварэння сям’і, асабліва пакуль у яго няма статусу, не плацяць ганарары, у маім выпадку мая жонка ўнікальны чалавек, калі б не яна, я ўпэўнены, што ні з кім бы не звязаў жыццё, бо трываць мужа-музыку мала хто можа.

Канешне, бываюць складаныя моманты, калі яна хоча нармальнага мужчыну з нармальнай працай, як ва ўсіх жанчын бываюць такія моманты, калі яны не ведаюць, што рабіць. Але яна мяне падтрымлівае, разумеючы, што я пакуль музыка, які знаходзіцца на шляху станаўлення.

фота Юры Сідуна

фота Юры Сідуна

Пра два альбомы на год

Гісторыя такая банальная: трэба стаць з’явай, а не проста спяваць песні, трэба вырывацца з кола аматарскіх гуртоў. Далёка не для ўсіх гэта зразумела. Людзі ставяцца да ўласнай музыкі як да хобі, іншага шляху не бачаць. Да мяне такое ўсведамленне прыйшло не адразу.

Доўгі час я вагаўся, ці гэта можа быць заняткам жыцця, але пасля зразумеў, што калі музыка мяне столькі гадоў не пакідае – трэба паспрабаваць зрабіць з яе прафесію. Ёсць яшчэ моманты фінансавання запісаў, тэхнічныя ўсялякія моманты, аднак я прыхільнік таго падыходу, што гэтымі пытаннямі мусіць займацца менеджар, які працуе з музыкамі.

У Беларусі гэта, на вялікі жаль, пад пытальнікам. Але калі вось гэтая схема «як што рабіць» складваецца ў галаве, працаваць становіцца лёгка – і вось, калі ласка, два альбомы за год.Магчыма тут на нас таксама паўплываў Вайцюшкевіч – ён таксама надзвычай прадуктыўны.

 Пра будучыню гурту

«Босае сонца» намінавана на прэмію Rock Profi, як дэбют, і тое правільна, бо мы толькі пачынаем свой шлях прафесійнага калектыву. Пакуль што зарабляць не атрымліваецца, хаця я заўжды стараюся глядзець на сітуацыю аптымістычна, любяць у нас ныць, што няма шоу-бізнэсу, што немагчыма існаваць музыкам у гэтай сітуацыі, але ж ёсць прыклады паспяховых каманд, якія існуюць і выступаюць – значыцца не ўсё так дрэнна.

Урэшце, «Босае сонца» - міжнародны праект, наш баяніст жыве ў Празе, я ў Маскве, будаваць планы складана. Аднак пасля прэміі «Экспертаў» і станоўчых рэцэнзій, вельмі хочацца працаваць далей.

Пра натхненне

Натхняюся жыццём: песні вітаюць у паветры, я стаўлюся да песняў проста, каб іх пісаць мне не трэба запальваць свечкі і ўпадаць у транс, хаця бывала і такое. Пасля аднаго з фэстаў нам прапанавалі паехаць у сядзібу ў Альпах, мы там жылі амаль тыдзень, практычна затворнікамі, там была мабільная студыя на паддашку, дзе мы імправізавалі, гралі, і выглядала гэта як калектыўны транс. А звычайна я магу ехаць у трамваі ці тралейбусе, нешта прходзіць у галаву, дзякуй Богу, ёсць смартфоны з дыктафонамі, праблема толькі ў тым, каб усе гэтыя думкі-замалёўкі пасля дарабіць да добрай песні. А гэты працэс падобны на рыбалку: з акіяну думак намагаешся вылавіць прыгожае і істотнае.

фота Юры Сідуна

фота Юры Сідуна

Пра Анатоля Сыса

Я прызнаюся, што не надта паглыбляўся ў ягоную біяграфію. Не адчуў патрэбы — настолькі ягоная асоба ўся бачная ў вершах, калі пачынаеш разумець, наколькі па-сапраўднаму і ад сэрца ён пісаў.

Мой сябар Сяргей Доўгушаў даў мне пачытаць гэтыя вершы, бо хацеў зрабіць некалькі песняў наа іх.

Я люблю адразу бачыць задачу і працаваць на рэзультат: прапанаваў Сяргею запісаць альбом на вершы Сыса, бо з ягонымі вершамі працаваць лёгка, чытаеш і ў нейкі момант пачынаеш бачыць музыку, таму тыя песні, што трапілі на альбомы «Босага сонца», імгненна напісаліся. Як на мяне, дарэчы, то гэта самыя моцныя трэкі альбома.

Пра канцэрт у Tarantino

Было б сумна прыйсці проста адыграць альбом і сысці. Аднак, па-першае, мы ніколі не выконвалі яго ў жывую з гучаннем, якое мусіць быць – на невялікіх пляцоўках нельга паставіць струнную секцыю. Таму альбом упершыню прагучыць у канцэртнай версіі так, як мае быць.

Па-другое, плануем на канцэрце дуэт з Палінай Рэспублікай, па-трэцяе, будзе прэзентаваная новая песня. Ды і іншыя сюрпрызы плануюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?