Сёлета абменны курс беларускага рубля ў дачыненні да долара знізіцца на 12-13%. Такі прагноз, паводле звестак БелаПАН, Нацбанк зацвердзіў у чэрвені ў межах рашэння па рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі да канца года.

Варта зазначыць, што з пачатку 2014 года курс беларускага рубля да долара знізіўся на 6,73%, у дачыненні да еўра — на 5,28%, да расійскага рубля — на 1,73%. Афіцыйны курс долара 16 чэрвеня ўстаноўлены на ўзроўні 10.150 рублёў. 

Нагадаем, вясной гэтага года кіраўніцтва Нацбанка заяўляла аб планах па плаўным зніжэнні кошту нацыянальнай валюты. На думку беларускіх эканамістаў, магчымасці грашовых улад праводзіць такую курсавую палітыку наўпрост залежаць ад крыніц атрымання знешняга фінансавання. 

З улікам прыцягнення Беларуссю новых запазычанняў у Расіі афіцыйныя планы па тэмпах аслаблення беларускага рубля могуць быць дасягальныя, мяркуюць эксперты. 

«Дасягненне гэтай задачы цалкам рэальнае, разам з тым мэтазгоднасць гэтай задачы вельмі сумнеўнае. Пры такой курсавой палітыцы мы нарошчваем разрыў паміж фактычным узроўнем абменнага курсу і тым узроўнем курсу, які мог бы збалансаваць наяўны рахунак плацежнага балансу», — мяркуе эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук. 

Эксперт нагадаў, што ў 2013 годзе дэфіцыт наяўнага рахунку плацежнага балансу Беларусі склаў 10,2% ВУП і сёлета можа скласціся на супастаўным узроўні. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?