Служба бяспекі Украіны (СБУ) арыштавала каля 100 чалавек, у тым ліку 13 расейцаў, па падазрэнні ў дыверсійнай дзейнасці.

Як перадае «Інтэрфакс», адпаведную заяву зрабіў у пятніцу кіраўнік спецслужбы Валянцін Налівайчанка.

«Ужо арыштаваныя больш за 90 тэрарыстаў і дыверсантаў, сярод якіх 13 грамадзян Расіі (акрамя баевікоў-наймітаў, гэта прафесійныя афіцэры-разведчыкі, агентура)», — распавёў кіраўнік СБУ.

Паводле яго слоў, адно з апошніх затрыманняў адбылося ў Кіеве — праваахоўнікі змаглі злавіць саўдзельніка завадатара дыверсійных груп ў Горлаўцы і Славянску.

Таксама кіраўнік СБУ паведаміў, што спецслужба мае намер працягнуць рэагаваць на фінансаванне «былымі ўкраінскімі высокапастаўленымі чыноўнікамі тэрарызму ва Ўкраіне».

Акрамя таго, Налівайчанка заявіў аб спыненні кантактаў СБУ з ФСБ Расіі. «Цяпер спынены ўсе кантакты з агрэсарам, больш за тое, двухбаковыя дамоўленасці і пагадненні скасаваныя», — падкрэсліў кіраўнік украінскай спецслужбы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?