Міністэрства абароны Расіі страціла геастацыянарныя спадарожнікі сістэмы выяўлення пускаў балістычных ракет «Вока-1». Яна з'яўляецца часткай сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе (СПРН). Спадарожнік пад кодавай назвай 71Х6, запушчаны ў сакавіку 2012 года, адпрацаваў ўсяго два гады замест належных пяці—сямі гадоў, піша ў сераду 25 чэрвеня газета «Коммерсант».

Яшчэ ў пачатку года выявіліся першыя непаладкі на спадарожніку, калі імпартныя акумулятарныя батарэі сталі даваць збоі. У красавіку апарат ужо стаў некіраваным, і яго знялі з баявога дзяжурства.

Спадарожнік будаваўся НВА імя Лавачкіна на працягу двух гадоў і каштаваў Мінабароны паўтара мільярда рублёў. Усяго з 1991 года было запушчана восем такіх апаратаў. Аднак толькі два з іх змаглі пратрымацца больш за пяць гадоў («Космас-2224» і «Космас-2379»).

Цяпер у складзе сістэмы «Вока-1» засталося толькі два спадарожнікі іншай мадэлі на высокаэліптычнай арбіце. Для паўнавартаснай працы СПРН неабходна шэсць апаратаў, таму, як паведамляюць у Мінабароны, спадарожнікі працуюць толькі тры гадзіны на суткі.

У кастрычніку 2011 года было прынята рашэнне аб стварэнні новай адзінай касмічнай сістэмы (ЕКС), якая возьме на сябе функцыі СПРН. У 2012 годзе ўрад выдзеліў грошы на стварэнне найноўшых апаратаў для ЕКС, аднак вынікі мадэрнізацыі галіны пакуль невядомыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0