Столькі Алжыра, як ўчора, у маёй стужцы фэйсбука не было ніколі. Мабыць, ніколі больш і не будзе. Гэтая афрыканская краіна перагарадзіла выхад зборнай Расіі ў 1/8 фінала чэмпіянату свету па футболе. І мае беларускія і ўкраінскія фрэнды гэтаму шчыра парадаваліся.

Сёння ж я некалькі разоў прачытаў, што гэта была «стужка нянавісці». Перад тым, як каментатары абвінавацяць мяне ў нянавісці да ўсяго рускага, я зраблю невялікае адхіленне.

Штотыдзень у інтэрнэце я гляджу матчы чэмпіянату Расіі па футболе. З дзяцінства чэмпіянат Расіі гляджу. Не бачу прычын адмаўляцца ад гэтай звычкі і сёння. І не проста гляджу. Вяду футбольныя сшыткі чэмпіянатаў Расіі і Беларусі. З гадоў дзесяці, мабыць. Вяду і цяпер. Ну, павінна быць у мужчыны нейкае бяскрыўднае хобі.

Мабыць жа, не ад нянавісці я ўсё гэта раблю. Мне цікавы расійскі футбол. Я ведаю на памяць склады кожнай каманды, памятаю трэнераў і ўладальнікаў клубаў. Нават вынікі першай лігі стараюся праглядаць. Англійскі ці іспанскі футбол я не ведаю гэтак дасканала.

Але, канечне, учора я заўзеў за Алжыр. Хаця не так, заўзеў супраць зборнай Расіі. Чаму? Зусім нядаўна ў звязку з хакейным чэмпіянатам я пісаў, што «спартовыя перамогі добра развіваюць у людзях патрыятызм». На жаль, гэты патрыятызм не заўсёды стваральны. У сённяшняй Расіі ён хутчэй разбуральны.

Як вынік, рэйтынг Пуціна ўзняўся на рэкордныя 85%. Нават лібералы радуюцца ад таго, што «крымнаш». Расія вядзе (хай і не адкрытую, а замаскіраваную і подлую) вайну з Украінай. Зусім нядаўна Расія ваявала з Грузіяй, заахвочвала бясчынствы ў Таліне, шантажавала пастаўкамі энерганосьбітаў паў-Еўропы, прапаноўвала Беларусі далучыцца «шасцю губернямі». І гэта неад’емныя часткі сучаснага расійскага патрыятызму. Агрэсіўнага і варожага да свету.

І спорт тут грае не апошнюю ролю. Расія паўстае з калень — чуецца пасля кожнай такой перамогі. Перамаглі гейропу, піндосаў і алжырафашыстаў у хакей, хутка пераможам і ў вайнушку. Асабіста мне ад гэтага дзіка. Вось чаму я зычыў паразы расійскай зборнай. А не таму, што я «ненавіджу ўсё рускае».

Здаецца, што я вас ужо пераканаў, што люблю рускі футбол, люблю хакеістаў Дацюка і Авечкіна, люблю лёгкаатлетку Алену Ісінбаеву, люблю «Машину времени» і Земфіру, люблю Чэхава і Гогаля, люблю геніяльны расійскі кінематограф савецкага часу… Ды шмат чаго яшчэ.

На першай прэс-канферэнцыі пасля вызвалення Алесь Бяляцкі сказаў: «Спадзяюся, што Расія – еўрапейская краіна – усё ж далучыцца да сям’і еўрапейскіх народаў». І мне здаецца, што ў гэтым павінны быць зацікаўленыя ўсе. А беларусы найперш.

Я не веру, што спартовыя паразы могуць стаць нейкай кропляй для ачышчэння Расіі. Канечне, не. Але, магчыма, гэта хоць толіку зменшыць гэты шавіністычны пафас, які штодня ўсё гучней чуецца з Усходу.

Учора асабіста ў мяне прыемным здзіўленнем была рэакцыя на паразу Расіі ад сайта sports.ru. Рэдакцыя прадэманстравала тролінг васьмідзясятага лэвэла. У шапцы сайта было змешчана фота прадстаўнікоў расійскага тэлевізійнага паноптыкуму — ад Кісялёва да Жырыноўскага — з хлёсткім загалоўкам: «Добро пожаловать домой, ребята».

І гэта сцёб з той атмасферы пафаса, што акружала зборную Расіі ўвесь гэты час. Сцёб з мільённых заробкаў футбалістаў сярэдняй рукі, ніводзін з якіх не гуляе на Захадзе і не патрэбен сур’ёзным камандам.

Каментатары таксама не падкачалі. Адзначаўчы, што «сегодня Киселев расскажет о жидобандеровцах,которые управляли руками нашего голкипера». І такія каменты люта плюсуюцца. Зайдзіце па спасылцы, ды выберыце опцыю «10 лепшых каментаў».

Такія вось рэчы ўва мне пакідаюць спадзяванні, што ў Расіі можа быць нармальная еўрапейская будучыня. І можа быць футбольная зборная, за якую будзе не сорамна заўзець.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?