Аляксандр Лукашэнка незадаволены працай Белкаапсаюза па асноўных напрамках дзейнасці арганізацыі.

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, прымаючы з дакладам кіраўніка праўлення Белкаапсаюза Валерыя Іванова і намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоля Ліса.

Лукашэнка, у прыватнасці, лічыць дзіўнай сітуацыю, калі Белкаапсаюз рэгулярна звяртаецца па фінансавую падтрымку і крэдыты для папаўнення абаротных сродкаў, у той час як іншыя арганізацыі гандлю працуюць з прыбыткам.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што лічыць пустымі размовы пра тое, што арганізацыі Белкаапсаюза займаюцца абслугоўваннем небагатага сельскага насельніцтва і нясуць дадатковыя траты на ўтрыманне аўталавак для дастаўкі тавараў у аддаленыя вёскі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтай сувязі дамовіўся са старшынёй савета дырэктараў ТАА «Тытунь-Інвест» Паўлам Тапузідзісам аб рэалізацыі ў Шклоўскім раёне праекта ў сферы рознічнага гандлю.

«Бо ён (Павел Тапузідзіс) яго (Шклоўскі раён) добра ведае, і я яго выдатна ведаю», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы выбар пры рэалізацыі праекта ў карысць менавіта гэтага раёна.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на прыкладзе гэтага праекта плануецца паказаць, як можна аптымальна абслужыць сельскі раён у гандлёвым сэнсе і арганізаваць закупку лішкаў сельгаспрадукцыі ў насельніцтва.

«Ён усё гэта зробіць і пакажа. І ён мне ўжо дакладвае, што прапрацаваў гэты варыянт», - сказаў беларускі лідар.

Ён канкрэтызаваў, што гаворка ідзе пра будаўніцтва вялікага шматпрофільнага магазіна ў раённым цэнтры, дзе пад адным дахам будзе размешчаны не толькі гандаль, але таксама аптэка і аб'екты па аказанні банкаўскіх паслуг.

Акрамя таго, у кожным аграгарадку плануецца арганізаваць гандлёвыя плошчы да 100 кв.м. «Мяркую, што мы з ім дамовімся, што гэта ж крама будзе ў гэтым сельгаскааператыве абслугоўваць усе так званыя далёкія неперспектыўныя вёскі», - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Я гэтым хачу сказаць, што спажыўкааперацыя да гэтага часу не пачынае варушыцца.

Яна проста не разумее, у якой сітуацыі працуе, што тыя савецкія часы, калі яны былі манапалістамі, сышлі. І сёння ўжо тыя ненавісныя ёй гандлёвыя сеткі, якія існуюць у краіне (і людзі ўхваляюць іх дзейнасць), гатовыя абслугоўваць сельскія раёны і даваць вынік», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На сустрэчы таксама абмяркоўваўся праект Белкаапсаюза па будаўніцтве ў Беларусі новай жывёлагаспадаркі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў цэлым заўсёды падтрымлівае стварэнне новых прадпрыемстваў, але звярнуў увагу, што пад будучую прадукцыю павінны быць прапрацаваны рынкі збыту. «Ці не атрымаецца так, што мы пабудуем новае прадпрыемства, нават атрымаем там пушніну, а потым яе не прададзім або будзем вымушаныя прадаваць у страту? Вось, што мяне хвалюе», — заўважыў ён.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка перасцярог Белкаапсаюз ад неабгрунтаванага імпарту пры стварэнні новага прадпрыемства, бо ў дадзеным выпадку меркавалася закупляць за мяжой у тым ліку спецыяльныя клеткі для ўтрымання жывёл. «Ці бачыце, мы ў Беларусі не можам вырабіць клеткі і сёння будзем мільёны даляраў марнаваць на тое, каб іх завезці, — абурыўся ён. — Таму калі вы хочаце рэалізаваць гэты праект, вы за яго будзеце адказваць. Але валюту вы не атрымаеце».

Аляксандр Лукашэнка даручыў на пачатак 2015 года запланаваць маштабную нараду з яго удзелам, дзе будуць дэталёва разгледжаны вынікі дзейнасці Белкаапсаюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?