Мінскі пратакол не прадугледжвае федэралізацыі або адчужэння ўкраінскіх тэрыторый, заявіў на пасяджэнні ўрада прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

«Пратакол прадугледжвае захаванне незалежнасці Украіны на ўсёй тэрыторыі, у тым ліку і на тэрыторыі Данбаса», — заявіў ён.

Прэзідэнт дадаў, што «ні пра якую федэралізацыю, ні аб якім адчужэнні ў пратаколе не гаворыцца», як і не згадваюцца так званыя «ДНР» і «ЛНР».

Парашэнка адзначыў, што Данецкай і Луганскай абласцям дадуць, згодна з Мінскім пратаколам, асаблівы статус. Адпаведны закон унясуць у Вярхоўную Раду на наступным тыдні.

«Закон Украіны аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей прадугледжвае выразна статус гэтых рэгіёнаў у складзе Украіны», — сказаў ён.

Напярэдадні так званы «віцэ-прэм'ер ДНР» Андрэй Пургін заявіў, што сепаратысты імкнуцца да «самавызначэння ў адміністрацыйных межах Данецкай і Луганскай абласцей».

«Украіна будзе спрабаваць пакінуць нас часткай сваёй прасторы, аднак мы працягнем курс на самавызначэнне», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?