У дачыненні да 25-гадовага жыхара Брэста распачата справа на падставе арт. 364 КК (насілле або пагроза ўжывання насілля ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Як паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, 5 кастрычніка каля 5.00 у Брэсце на вуліцы Пушкінскай супрацоўнікі батальёна дарожна-патрульнай службы ДАІ, якія ажыццяўлялі нагляд за бяспекай дарожнага руху, падалі вадзіцелю «Аўдзі 100 « сігнал аб спыненні.
Праігнараваўшы яго, вадзіцель аўтамабіля, 25-гадовы брэстаўчанін, пачаў уцякаць. Падчас пераследу супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі спынілі «Аўдзі» на вуліцы Карбышава.
«Пры затрыманні вадзіцель, каб перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўніку органаў унутраных спраў, прымяніў насілле, стукнуўшы галавой у твар інспектара батальёна ДПС ДАІ УУС, які знаходзіўся пры выкананні службовых абавязкаў. Гэтым прычыніў яму цялесныя пашкоджанні ў выглядзе пералому носа», — дапоўніла Сахарчук.
Ад праходжання медыцынскага агляду вадзіцель адмовіўся і заявіў, што, перад тым як сесці за руль, ужываў спіртное. Устаноўлена, што ў яго ніколі не было вадзіцельскіх правоў.
У дачыненні да 25-гадовага брэстаўчаніна былі складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы: за кіраванне ў стане алкагольнага ап'янення; за кіраванне транспартным сродкам без права кіравання; за невыкананне патрабавання аб спыненні аўтамабіля; за парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі транспартнага сродку.
Акрамя таго, пратаколы на падставе арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства) былі складзены ў дачыненні да двух пасажыраў «Аўдзі»: хлопца і дзяўчыны, якія спрабавалі перашкодзіць затрыманню вадзіцеля.
Фігурант крымінальнай справы змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Раней ён быў неаднаразова судзімы, у тым ліку за асабліва цяжкае злачынства.