planeta.ru

На найбуйнейшым расійскім партале па зборы сродкаў беларускіх праектаў няшмат. З тых, якія дзейнічаюць зараз - наогул толькі два, прычым адзін з іх не зусім беларускі, а другі — дабрачынны. Мэта дабрачыннага — сбор сродкаў на друк насценных календароў, грошы ад продажу якіх пойдуць хворай на лейкоз дзяўчыне з Жодзіна.

Патрэбныя 80 000 расійскіх рублёў былі сабраныя яшчэ за першыя тры дні, а ў цэлым сума склала больш за 130 000 і працягвае павялічвацца. Да завяршэння праекта яшчэ некалькі тыдняў, таму калі вы вырашылі ўкласціся ў добрую справу, зрабіць гэта можна тут. Тым больш, што каляндар атрымаўся сімпатычны. У абмен на грошы можна атрымаць паштоўкі і непасрэдна сам каляндар.

Другі праект — сур'ёзны і патрыятычны. Каманда дзіцяча-юнацкага песеннага конкурсу з гучнай назвай «Творцы гісторыі» збіраецца запісаць 8 песень пра Другую сусветную вайну і зняць па кліпу на кожную. Выконваць песні, і, адпаведна, здымацца ў відэа будуць дзеці і падлеткі узростам ад 9 да 15 гадоў. Па вялікім рахунку, праект адносіцца хутчэй да Расеі — і конкурс адтуль, і ў анатацыі сустракаюцца класічныя бюракратычныя абароты аб «захаванні расійскай культурнай самабытнасці і стварэнні ўмоў для развіцця і рэалізацыі культурнага і духоўнага патэнцыялу дзяцей і падлеткаў». Але ў запісе песень возьмуць удзел і беларускія дзеці, так што, мабыць, лічыцца.

«На жаль, у апошні час некаторыя людзі праяўляюць невуцтва, забываючы аб Героях Вялікай Айчыннай вайны і таму з'яўляюцца перадумовы перапісаць гісторыю ва ўгоду фашызму», — наракае Кацярына Горман, дырэктар Міжнароднага конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці «Творцы гісторыі». Каб гісторыю ніхто не перапісаў, праекту патрабуецца ні шмат ні мала 1,2 мільёна расійскіх рублёў. Патэнцыйным інвестарам прапануюцца падзячныя лісты, «дзякуй у тытрах», кнігі, «відэападзякі» і магчымасць зняцца ў кліпах малалетніх выканаўцаў. Аднак задума нешта ніякай цікавасці не выклікала — за месяц праект не змог сабраць ні рубля, і за паўтара, якія засталіся, сітуацыя наўрад ці зменіцца. Глядзі сюды.

Kickstarter.com

Тут сітуацыя такая ж, як і на расейскай «Планеце». Праектаў мала, а тых, якія дзейнічаюць – увогуле адзін. І яшчэ адзін толькі-толькі скончыўся: нейкая Ірына Сталбова з Мінску збірала $ 1000 на стварэнне прыкладання-лаўнчара для смартфонаў. Ідэя хоць і не дрэнная, але зусім ня новая. Таму і яе правал зусім не дзіўны — за некалькі гадзін да заканчэння праекта на рахунку ў паненкі было ўсяго толькі $240. Далей гэтая сума ўжо не змянілася. Не дапамаглі і абяцанні даць інвестарам гэты самы лаўнчар патэсціць, ці нават дадаць да яго стандартнай версіі абразок з надвор'ем. Падтрымаць айчыннага вытворцу можна было тут.

Праект нумар два – камп’ютарная гульня ад менскай студыі «HalfBus» пад назвай «Склеп» («Basement»), зробленая ў стылі васьмібітных прыставак. Па сюжэце, у склепе пад невялікім барам, крамкай або малельным домам гульцу трэба будзе арганізаваць буйную лабараторыю па вытворчасці наркотыкаў (прывітанне, Уолтар Уайт!). Невядома, ці паўплываў поспех серыялу «Ва ўсе цяжкія» на стваральнікаў або інвестараў праекта, але неабходная сума ў $15 000 ўжо сабрана, і нават перавышана, а да завяршэння праекта яшчэ ёсць некалькі дзён. Калі вы цікавіцеся індзі-гульнямі, то адсыпаць грошай распрацоўнікам можна па гэтым адрасе. У абмен на ахвяраванне зможаце атрымаць паштоўку або саму гульню ў рознай камплектацыі (напрыклад, з постарам).

Indiegogo.com

На гэтай платформе ўмовы не такія сур'ёзныя, як на «Кікстартары», тут можна паспрабаваць сабраць грошай на ўсё што заўгодна, хоць на стрыжку свайго улюбёнага сабакі, у залежнасці ад патрэб і інтарэсаў. Але інтарэсы нашых з вамі суайчыннікаў, якія скарысталіся паслугамі сайта, дзіўным чынам супадаюць — кулінарыя, вось што турбуе беларусаў.

Такіх, напрыклад, як карыстальнік пад нікам Вадзім Авок, які вырашыў назбіраць на выраб ананаснага пірожнага. Стварэнне дэсерту Вадзім ацаніў у $ 500 — і, само сабой, ніхто не даў яму ні цэнта. Не верыце? Праверце. Але ў хлопца ёсць яшчэ пара тыдняў і, магчыма, надзея. Хто ведае, навошта яму ўсё гэта трэба?

Далей — больш. Хочаце адкрыць кавярню ў Мінску, але няма грошай? Натуральна, трэба сабраць іх з дапамогай добрых людзей на які-небудзь краундфаундынгавай платформе. Правільна?

Няправільна. І ў гэтым змог (змагла?) пераканацца нейкі (нейкая?) Нік Сенчэня. Спроба выцыганіць $ 30 000 на «being place for creative young pepole» (арфаграфія аўтара захавана) прадказальна скончылася правалам. Не ўратавалі нават абяцанні праспяваць па скайпу, ці вывесіць таблічку з імем інвестара на сцяне кавярні. Прайшоўшы па спасылцы, можна глянуць, чаго не здабудзе сталіца. Але да заканчэння праекта яшчэ каля 20 дзён. Хто яго ведае, можа і набягуць «young pepole», якім якраз і не хапае «being place».

Але сапраўдныя аптымісты (і гурманы) не разменьваюцца на нейкія там кавярні. Яны просяць грошай адразу на стэйк-хаус, прычым не нікчэмную трыццатку, а адразу ўсе 150. Так, менавіта $ 150,000 дапамогуць Дзмітрыю і Таццяне Гамецкім нарэшце ўладкавацца ў гэтым нялёгкім жыцці. На жаль, ні абяцаныя майкі, купоны на абед і імянныя талеркі з фотаздымкам інвестара не дапамаглі – на рахунку няўдалых рэстаратараў гарыць нуль. Так што, калі вы аматар мяса і дабрачыннасці, цісніце сюды, час яшчэ ёсць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?