Стваральнік легендарнай камп’ютарнай стралялкі Doom Джон Кармак казаў: «Сюжэт у гульні – як сюжэт у порнафільме. Ён мусіць быць, але ён не настолькі істотны». Пэўна, тым жа прынцыпам кіраваўся рэжысёр Чэд Стахельскі, калі здымаў «Джона Уіка». Сюжэт стужкі нагадвае тыповую відэагульню.

Трымайце героя, вось вам пару хвілін яго апісання. Усё, далей экшэн з рэдкімі «экранамі загрузкі».

Жонка Джона памерла ад невылечнай хваробы. Як успамін пра сябе яна пакінула Джону разумненькага шчанюка – каб было каго любіць. Джон у смутку, ды сабака трошкі дапамагае. Ды лёс зводзіць яго з хуліганамі: тыя ўрываюцца ў яго дом, крадуць машыну і забіваюць шчанюка. Адзін з хуліганаў апынаецца сынам мафіёзі, з якім некалі працаваў Джон.

Даруйце спойлеры, але гэта ўвесь сюжэт. Ён сціпла ўкладаецца ў першыя 10 хвілін і саступае месца бойкам ды перастрэлкам.

«Яго лепей не чапаць» – «Чаму?» – «Бо гэта Джон Уік»

У фільме яго называюць «Boogie Man», што нашыя перакладчыкі ператварылі ў «Баба Яга». Карэктней, пэўна, «Бабайка». 

Персанаж Кіяну Рыўза — супергерой без суперздольнасцяў, аб якім ведае ўвесь горад. Яго «бяруць» кулі, яго могуць пабіць, ён не ўмее лётаць ці ўварочвацца ад куляў. У астатнім гэта той жа Нэа з «Матрыцы», нават стыль адзення не надта змяніўся.

Ды фільм здымаўся відавочна не дзеля драмы. Чэд Стахельскі некалі быў дублёрам Рыўза ў той самай «Матрыцы», затым займаўся пастаноўкай боек у іншых фільмах. Яго рэжысёрскі дэбют на 90% складаецца з таго, што ён умее рабіць найлепей – і ён робіць гэта добра.

Кожны асобны кадр «Джона Уіка» дасканалы, хоць рабі застаўкай на рабочы стол.

Што бы не трапіла на экран, гэта будзе выдатна падсветлена і знята з найлепшага, хай і добра знаёмага ракурсу. Ствараецца адчуванне, што недзе ёсць бібліятэка лепшых кадраў з усіх баевікоў – і што Стахельскі гэтую бібліятэку абрабаваў ды ўставіў туды Кіяну Рыўза.

Тое ж тычыцца пастаноўкі перастрэлак, пагоняў і боек ды саўндтрэку. Усё дасканала, ды ўсё знаёма. Баявая частка не аднастайная – практычна ніхто не памірае ад аднога ўдару ці адной кулі. Некаторыя баі нават напружаныя.

Праўда, пэўныя забойствы выклікаюць шчыры смех. Хацеў таго рэжысёр ці не, у змрочнай стужцы багата камедыйных момантаў.

Не падвёў і падбор актораў. Стары мафіёзі мусіць выглядаць менавіта як Міхаэль Нюквіст, яго сын-абібок – менавіта як Альфі Ален. Стары бязлітасны забойца – адназначна Уілем Дэфо, маладая і нахабная дзяўчына-кілер – о так, гэта Эдрыян Палікі.

Толькі адзін раз за барадой Кіяну Рыўза можна разглядзець эмоцыю: калі напачатку ён усміхаецца жонцы. Дзяўчынкі, не прапусціце тое імгненне! Рыўз – красуньчык, калі ўсміхаецца.

Увесь астатні фільм Рыўз не прайграе Шварцэнэгеру-тэрмінатару. Эталонны покер-фэйс.

Які там Стэтхэм? Ён занудны! Які Ліям Нісан? Ён стары плакса! Кіяну Рыўз – вось дасканалая машына забойства 10-х, якой Шварцэнэгер быў у 80-х.

Здаецца, і Чад Стахельскі можа стаць «новым Тарантына». У адрозненне ад «Горада Грахоў» ці, скажам, «Забіць Біла», у «Джону Уіку» няма культу гвалту і фантанаў крыві. Культ пастаноўкі кадра, дыктат харэаграфіі, матэматыка рытму – усё так. Але «крывішча» толькі па неабходнасці.

Гэта і не «карцінка дзеля карцінкі» a-la «Аватар». Ніякіх прэтэнзій на глыбокі сэнс, ніякога злізанага з «Пакахонтас» маралізатарства. Толькі бабайка-Рыўз, які творыць дабро направа і налева.

І гэта перамога. Пры вельмі сціплым бюджэце ў 20 млн даляраў Стахельскі зняў эталонны экшэн. У кожнага, хто браў удзел у стужцы, гэта будзе тройчы падкрэслены пункт у партфоліё.

Такі ён, «сферычны конь у вакууме» жанра «баявік». Любіце баевікі? Не прапусціце! Любіце фільмы з сэнсам? Калі ласка, не храпіце гучна на «Джону Уіку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?