Дзяржаўны канал Беларусь-1 нядаўна паведаміў аб затрыманні дваццаці «мусульманаў-салафітаў». Паводле журналістаў, выпадак адбыўся яшчэ пры канцы мінулага году, аднак чамусьці грамадскасці аб ім паведамілі толькі пасля таго, як адгрымелі стрэлы ў рэдакцыі «Шарлі Эбдо». Згодна з каналам, у ліку затрыманых было 8 замежных грамадзян і 12 грамадзян Беларусі.

З наступных тлумачэнняў КДБ стала вядома, што гэтыя людзі ўваходзілі ў групу, сфармаваную пад уплывам ісламскай палітычнай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр», таму замежнікаў з ліку затрыманых дэпартавалі. Гаворка ішла ўжо пра 5 затрыманых замежнікаў.

Аднак ці сапраўды дэпартаваныя былі прыхільнікамі «Хізб ут-Тахрыр»? Ва ўкраінскім аддзяленні гэтага руху ў гэтым сумняюцца.

«Якіх-небудзь канкрэтных фактаў таго, што затрыманыя — менавіта сябры «Хізб ут-Тахрыр», прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх не агучыў. Больш за тое, яго паведамленне досыць супярэчлівае: з аднаго боку сцвярджаецца, што «былі затрыманы 20 мусульман-салафітаў», а з іншага — гаворыцца аб тым, што група сфарміравалася пад уплывам «Хізб ут-Тахрыр». Спецыялістам у гэтай галіне дакладна вядома, што салафіты і «Хізб ут-Тахрыр» — гэта розныя ісламскія арганізацыі, якія маюць адрозныя погляды ў шэрагу ісламскіх прававых пытанняў і шляхоў распаўсюду іслама», — сказаў «Нашай Ніве» кіраўнік інфармацыйнага офісу руху «Хізб ут-Тахрыр» ва Украіне Фазыл Амзаеў.

Фазыл Амзаеў адзначыў, што «ніводнага знаёмага актывіста «Хізб ут-Тахрыр» у Беларусі не мае».

Нам пакуль не ўдалося і высветліць нацыянальнасць усіх дэпартаваных. Каментуючы здарэнне для «Еўрарадыё», імам Хатыб Бекір Мурзіч сказаў журналістам, што, паводле ягонай інфармацыі, адзін з дэпартаваных — грамадзянін Азербайджана.

Аднак у консульстве Азербайджана ў Беларусі гэтую інфармацыю не пацвердзілі: маўляў, паводле іх інфармацыі, за апошні час праз незаконную рэлігійную альбо экстрымісцкую дзейнасць нікога не высылалі.

Салафізм — плынь у ісламе, прыхільнікі якой разумеюць рэлігію ў тым выглядзе, «у якім яе разумеў прарок». Салафіты, напрыклад, лічаць паганствам пакланенне магілам святых і асуджаюць святкаванне Дня народзінаў прарока Мухамеда. Гэта такі радыкальны, фанатычны рух у ісламе. Салафісты маюць свае палітычныя рухі, уплывовыя ў некаторых ісламскіх краінах. Не ўсе салафісты — прыхільнікі «джыхаду», але доля радыкалаў у гэтым руху высокая

У сваю чаргу, «Хізб ут-Тахрыр» — гэта міжнародны ісламскі палітычны рух, якая ставіць сваёй мэтай адраджэнне Халіфата з шарыяцкімі законамі ў традыцыйна мусульманскіх рэгіёнах. Менавіта таму ён успрымаецца як пагроза ў Расіі з яе Татарстанам, Башкартастанам і Каўказам. 

«Хізб ут-Тахрыр» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй толькі ў адной краіне свету — у Расіі. У той жа час у суседняй Украіне, як і ў краінах Еўрасаюза партыя дзейнічае легальна, бо не выкарыстоўвае гвалтоўных метадаў барацьбы за дасягненне сваіх мэтаў. Тым не менш, і гэты рух апошнім часам радыкалізаваўся і ператварыўся ў базу для экстрэмісцкіх ісламісцкіх груповак у многіх краінах. І блізкія да «Хізб ут-Тахрыр» імамы вядуць актыўную агітацыю супраць заходняй цывілізацыі.

У дыктатарскіх краінах Цэнтральнай Азіі (Узбекістане, Казахстане) улады арыштоўваюць і знявольваюць актывістаў «Хізб ут-Тахрыр».

У прэс-службе Камітэта дзяржаўнай бяспекі больш інфармацыі па справе паведаміць адмовіліся. У сакавіку КДБ мае апублікаваць спіс арганізацый, прызнаных тэрарыстычнымі і экстрэмісцкімі ў нашай краіне, паведамілі «Нашай Ніве» ў прэс-службе. Тады стане зразумела, якія з ісламскіх арганізацый прызнаныя экстрэмісцкімі ў нашай краіне. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?