На форумах tut.by хлусьня не праходзіць. Але яе нельга ігнараваць і ў рэальным жыцьці. Піша Наталка Бабіна.

Празь некалькі дзён пасьля славутай прэс-канфэрэнцыі шэфа КДБ Сухарэнкі я выпадкова, пераключаючы каналы, зноў пабачыла яго на экране БТ у кампаніі зь Зімоўскім. Дзьве рэчы ўразілі мяне да глыбіні душы.

Па-першае, Сухарэнка быў толькі што ад цырульніка — усчасаны валасінка да валасінкі, прычоска заліта лакам. Ён хацеў падабацца. Каму? Тым, каму некалькі дзён назад вяшчаў пра пацукоў і выбухі ў чатырох школах? Навошта? А старацца спадабацца вузкай праслойцы сваіх — зноў-такі навошта, яны ж без таго, як казаў Гогаль пра чорта ды ведзьму, «дзейнічаюць заадно». Хіба, можа, жонцы?

Па-другое, мяне ўразіў яго акцэнт — копія з акцэнту Лукашэнкі. Засьмяяўшыся, я вымкнула гук — слухаць БТ ды АНТ без супрацьірвотнага немагчыма. Але канал не пераключыла.

Цяпер на экране красавалася галава Зімоўскага. Вось ужо хто, старайся не старайся, не спадабаецца. Бяскроўны, бледны (што, грым не трымаецца?) твар, чамусьці пегія валасы...

Адразу ж успомніўся яшчэ адзін чалавек.

Адно з самых моцных уражаньняў з Плошчы — гэта тое, што амаль усе машыны, што праяжджалі побач, сыгналілі ў знак салідарнасьці. Шыкоўныя джыпы і дэмакратычныя «фордзікі» высьвіствалі клаксанамі «Жы-ве Бе-ла-русь!», вадзіцелі і пасажыры махалі, пасьміхаліся, паказвалі «Пераможам!»... І вось паўз Плошчу павольна-павольна едзе «вольва». А ў ёй на пярэднім сядзеньні сядзіць рэдактар «Советской Белоруссии» Якубовіч. З кіслай мінай глядзіць перад сабой. Бачыць Плошчу і ня чуе клаксаны.

Ілгаць — грэх.

Верыш ты ці ня верыш у Бога, ці верыш, як праваслаўны атэіст — а Бог карае за брахню.

Ракам языка — сьмяротнае цела.

Вечнай апраметнай — несьмяротную душу. Якая была нават у пацукоў.

І жыцьцё карае за хлусьню.

Па-рознаму, але часьцей за ўсё — страшна.

І той, хто падкладаў шпрыцы ў разгромлены гарадок, будзе пакараны. І тая пуставокая дыктарка, што чытала пра гэта ў навінах — таксама. А можа, яны ўжо пакараныя. Хваробай. Холадам у сэрцы. Пустымі вачамі іхніх дзяцей. Пляўком усьлед. Хлусы і ёсьць тымі самымі дохлымі пацукамі, што сеюць вакол сябе атруту.

Мне вельмі падабаюцца форумы на партале TUT.BY. Адсюль добра браць інфармацыю. Бо тут брахня не праходзіць. Тут зьмяшчаюць адрасы і фота правакатараў, тут засланцаў вылічваюць у момант і выганяюць хлёсткімі фразамі. Тут пабачаць бронекамізэльку на інаўгурацыі і выставяць фота, тут дадуць відэа, на якім відаць, як фальшуюць вынік падліку галасоў і як разьняшчасныя спэцназаўцы страляюць у азьвярэлых дэманстрантаў зь небясьпечнымі паветранымі шарыкамі. Рэспэкт, тутбаеўцы! У ігнор хлусьню!

Але ж нельга ігнараваць яе ў рэальным жыцьці. Асабліва калі яна робіцца ваяўнічай. Асабліва калі па крымінальных абвінавачаньнях у турме сядзяць безь віны палітычныя вязьні. Мне здаецца, што самае галоўнае зараз — каб яны як найхутчэй выйшлі на волю.

Што дзеля гэтага магчыма зрабіць? Што дзеля гэтага мусім зрабіць мы? Проста распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0