Алег Коваль, былы начальнік Фрунзенскага РУУС Мінска, — у цэнтры. Фота guvd.gov.by.

Алег Коваль, былы начальнік Фрунзенскага РУУС Мінска, — у цэнтры. Фота guvd.gov.by.

Галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна змясціла ў сваім фэйсбуку ліст, які атрымала сёння рэдакцыя:

«Ходзяць размовы, што начальнік Фрунзенскага РУУС Мінска Коваль Алег Мікалаевіч, атрымаўшы вымову, быў выкліканы да міністра Шуневіча. Па выкліку не з’явіўся. Дома і на працы не аб'яўляўся. Жонка сказала, што ён сабраў заплечнік і з'ехаў у Краснадар. Адтуль у Растоў і цяпер ваюе на баку ДНР».

Сапраўды, да нядаўняга часу Алег Коваль узначальваў Фрунзенскі аддзел міліцыі Мінска, пару месяцаў назад яго знялі з пасады і прызначылі на яе Андрэя Любімава.

Мабільны тэлефон Алега Коваля недасяжны. Прычым, наколькі нам стала вядома, ужо даволі працяглы час. «Наша Ніва» патэлефанавала дадому Алегу Ковалю, каб абвергнуць ці пацвердзіць інфармацыю.

Сын міліцэйскага начальніка пацвердзіў, што бацькі няма дома. Дакладней, што дома ён даўно не з’яўляўся. Ён не даў адказу на пытанне, калі ён будзе дома. Ці праўда, што ён Алег Коваль паехаў ваяваць у «ДНР», спыталіся мы. «Гэта нейкі анекдот. Канечне, не», — адказаў сын.

Таксама «Наша Ніва» патэлефанавала папярэдніку Коваля на пасадзе начальніка Фрунзенскага РУУС, намесніку старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алегу Гайдукевічу.

«Так, я ведаю, што ў яго былі праблемы. Але ў мяне няма такой інфармацыі пра ад’езд. Я спадзяюся, што гэта няпраўда. Беларусь столькі робіць для ўрэгулявання канфлікту, а ён едзе ваяваць. Лепш бы грошы на падтрымку «Логвінава» перавёў», — адзначыў сп.Гайдукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?