Рэспубліканскі суботнік пройдзе ў Беларусі 18 красавіка. Працоўную групу па яго падрыхтоўцы і правядзенні ўзначаліць намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава.

Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў №270 ад 3 красавіка 2015 года.

У сувязі са святкаваннем 70-годдзя Перамогі рэкамендавана на добраахвотнай аснове правесці 18 красавіка рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан мемарыяльных комплексаў, помнікаў, месцаў баявой і вайсковай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона.

Згодна з пастановай, заробленыя на працоўных месцах у дзень правядзення суботніка грашовыя сродкі, у аб'ёмах, што вызначаюцца работнікамі, у тым ліку дзейнасць якіх не звязана з вытворчасцю прадукцыі (работ), аказаннем платных паслуг, будуць пералічвацца праз раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам.

Яны ў сваю чаргу пералічаць 50% Міністэрству фінансаў, 50% застанецца ў іх распараджэнні. Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на падрыхтоўку дзіцячых лагераў да летняга сезона, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў, звязаных з святкаваннем 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, уключаючы рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне мемарыяльных комплексаў, помнікаў, месцаў баявой і вайсковай славы, пахаванняў часоў вайны.

«Пры ўдзеле ў рэспубліканскім суботніку некамерцыйных арганізацый грашовыя сродкі па рашэнні калектываў іх работнікаў могуць пералічвацца ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі калектывамі, у адпаведнасці з парадкам, што ўстанаўліваюцца Міністэрствам фінансаў», - удакладнілі ў прэс-службе ўрада.

Утрыманне наймальнікамі грашовых сродкаў з заработнай платы работнікаў, для якіх 18 красавіка будзе працоўным днём, бярэцца з іх згоды ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі калектывамі работнікаў.

Рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам даручана стварыць у абласцях, гарадах, раёнах, арганізацыях рабочыя групы па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага суботніка з улікам ўдзелу ў ім грамадзян выключна на добраахвотнай аснове.

Міністэрства транспарту і камунікацый, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам павінны будуць забяспечыць 18 красавіка бесперабойную працу пасажырскага транспарту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?