Літва не хоча канфрантацыі з Расіяй, аднак апошняя павінна выконваць пагадненні, сцвярджае міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

«Мы апошнія з тых, хто хоча канфрантацыі. Мы хочам нармальных адносін, Расія — наш сусед і мы былі б поўнымі вар'ятамі, калі б хацелі канфлікту з гэтай краінай, але вяртанне да нармальных адносін павінна грунтавацца на выкананні пэўных умоў», — заявіў Лінкявічус у панядзелак увечары на дыскусіі сацыял-дэмакратаў па актуальных пытаннях знешняй палітыкі.

Міністр нагадаў, што міжнародная грамадскасць выставіла Расіі ўмовы адразу пасля вайны з Грузіяй у 2008 годзе. Тады, паводле яго слоў, рэакцыя міжнароднай грамадскасці на дзеянні Расіі была рашучай, аднак спынілася праз некалькі месяцаў.

Міністр падкрэсліў неабходнасць пастаяннага дыялогу з Расіяй, аднак ён не павінен быць толькі прагматычным, а міністр бачыць прыкметы гэтага ў сённяшнім кантэксце вайны паміж урадавымі сіламі Украіны і падтрыманымі Расіяй сепаратыстамі.

«Не трэба секчы каналы супрацоўніцтва, каб выйсці з крызіснай сітуацыі, але гэтыя бессэнсоўныя візіты высокага рангу з фотаздымкамі ствараюць настрой звычайнага супрацоўніцтва», - сказаў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?