«Чалавек паказвае». Фота: oneadayphotograph.com

«Чалавек паказвае». Фота: oneadayphotograph.com

Скульптура 1947 года «Чалавек паказвае» работы швейцарскага майстра Альберта Джакамеці была прададзеная на аўкцыёне Christie’s 11 мая за рэкордную суму ў 141 млн даляраў. Пакупнік тады пажадаў застацца ананімным, але цяпер раскрыў сваю асобу, піша Page Six.

Пакупніком аказаўся 58-гадовы менеджар хэдж-фондаў Стыў Коэн, 106-ы багацей Зямлі ў спісе Forbes. У мінулым лістападзе ён жа набыў за 101 млн іншую скульптуру Джакамеці, «Калясніцу», адзначае The Daily Mail.

Скульптура «Чалавек паказвае» выкананая з бронзы ў чалавечы рост. «Гэта адна з найвялікшых скульптур XX стагоддзя, — кажа арт-дылер Уільям Акавела. — Стыў гэта вельмі сур’ёзны, вельмі праніклівы калекцыянер. У яго таксама ёсць правільныя інстынкты, якія з кніг па гісторыі мастацтва не здабыць».

Яна далёка не самая дарагая пакупка Коэна — у 2012-м ён набыў на аўкцыёне карціну Пікаса «Сон» 1932 года за 155 млн даляраў. Свайго «Сну» ён чакаў 6 год — карціна рэстаўравалася, бо яе папярэдні ўладальнік парваў яе локцем.

***

Стыў Коэн пачаў сваю кар’еру з капіталам у 7 тысяч даляраў, сёння ў яго кішэні налічваецца 11 млрд. Яго сфера дзейнасці — хэдж-фонды, адзін з самых рызыкоўных шляхоў ў інвеставанні, сутнасць якога ў пакупцы недаацэненых і продажы пераацэненых фінансавых інструментаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?