Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў мяркуе, што расійская эканоміка можа прадэманстраваць рост ўжо сёлета. Такое меркаванне ён выказаў журналістам у сераду ў Мінску.

«Цяпер прагнозы эканамічнага росту ўжо не такія песімістычныя. Пры належных намаганнях рост у Расіі можа пачацца ўжо ў гэтым годзе», — сказаў Сурыкаў.

«Як бы ні хацелася камусьці лічыць Расію сусветнай бензакалонкай, пачалі развівацца многія высокатэхналагічныя галіны — касмічная, атамная энергетыка, цяжкае машынабудаванне, ваеннае і грамадзянскае авіябудаванне, прадукцыя абароннага комплексу — 50 млрд за год, другая па памерах у свеце», — дадаў ён.

Дыпламат прызнаў, што «2015 не самы просты год для Расіі». «Але апакаліптычны сцэнар, пра які казалі на Захадзе, не адбыўся.

Эканоміка прыстасоўваецца да працы ў новых умовах, галоўнае з якіх — нізкія цэны на нафту, у меншай ступені — санкцыі і абмежаванне доступу банкаў да танных рэсурсаў», — сказаў Сурыкаў.

Ён падкрэсліў, што «Расія адужала эканамічна, вырас абаронны патэнцыял».

«У яе ёсць не імперскія інтарэсы Савецкага Саюза, а нацыянальныя інтарэсы Расійскай Федэрацыі», — дадаў ён.

Аляксандр Сурыкаў лічыць, што Беларусі не варта баяцца «імперскіх амбіцый» Расіі. «Я запэўніваю, Расія і свет скончылі ідэалагічнае супрацьстаянне. Цяпер мы ўсе будуем капіталізм», - падкрэсліў пасол.

Па словах дыпламата, РФ будзе адстойваць свае інтарэсы.

«Але мы не хочам ні на каго нападаць, ні супраць кагосьці працаваць», — сказаў ён. У якасці прыкладу Сурыкаў прывёў барацьбу Расіі за правы рускамоўных у Прыбалтыцы, дзе, паводле яго слоў, каля 30% рускамоўнага насельніцтва не мае грамадзянскіх правоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?