На памежным пасту Мядзінінкай (Меднікі) не прапусцілі ў Літву з Беларусі цягач, бо выпраменьваны брыкетамі з драўнянага пілавіння радыяцыйны фон перавышаў норму.

У ноч з чацвярга на пятніцу памежнікі Падваранскай заставы Вільненскага атрада правялі праверку аўтамабіля DAF. Дакументы 61-гадовага кіроўцы аўтамабіля з беларускімі дзяржнумарамі былі ў парадку, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы.

Пры праходжанні транспартнага сродку праз «радыяцыйную браму» спрацаваў сігнал, які паведаміў пра перавышэнне радыяцыйнага фону. Устаноўлена, што груз выпраменьвае 0,35 мікрасіверта, або 35 мікрарэнтген/г, у той час як дапушчальная норма — 0,2 мікрасіверта, або 20 мікрарэнтген.

Памежнікі кваліфікавалі і крыніцу выпраменьвання. Гэта — цэзій 137, па даўгавечнасці які лічыцца адным з небяспечных ізатопаў у прыродзе.

Адпраўнік грузу — беларуская фірма, атрымальнік — ЗАТ у Каўнаскім раёне. У пятніцу ўначы кіроўца і грузавік вярнуліся ў Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?