Юлія Казуліна просіць Аляксандра Лукашэнку адпусціць яе бацьку, Аляксандра Казуліна, на пахаванне маці. Як паведаміў юрыст Ігар Рынкевіч, зварот перададзены ў Адміністрацыю прэзідэнта.

«На долю нашай маці ў апошнія гады выпалі цяжкія выпрабаванні, — гаворыцца ў лісце. — Апошнія дзесяць гадоў яна мужна змагалася з вельмі цяжкай хваробай — ракам. У апошнія месяцы яна мужна пераносіла страшныя болі, забараняла нам, блізкім, расказваць каму-небудзь пра свае пакуты. Трымалася да апошняга. Яна не хацела скардзіцца. Яна была вельмі моцнай жанчынай».

Юлія Казуліна падкрэслівае, што апошнім жаданнем яе маці было «ўбачыць свайго мужа свабодным чалавекам». «Мама не дачакала. Дазвольце нам, дочкам, пахаваць маці па хрысціянскіх і проста па чалавечых, маральных законах. Так, каб самы дарагі для яе чалавек, муж Аляксандр, змог з ёю развітацца», — гаворыцца ў звароце.

Раней кіраўнік прэс-службы Міністэрства ўнутраных справаў Алег Слепчанка заявіў, што яму невядома пра рашэнне адносна дазволу для А. Казуліну наведаць пахаванне жонкі. А начальнік калёніі «Віцьба‑3» Віталь Агнісцікаў раніцай 25 лютага адмовіўся размаўляць з журналістамі, але паведаміў праваабаронцу, прадстаўніку БХК па Віцебскай вобласьці Паўлу Левінаву, што рыхтуе адмову Аляксандру Казуліну ў выездзе на пахаванне жонкі, якая памерла 23 лютага.

У знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў ў дачыненьні да сям'і Казуліных, дочкі Аляксандра Казуліна Вольга і Юлія, а таксама яго паплечнікі па партыі Ігар Рынкевіч, Сяргей Скрабец і Віктар Крываль 25 лютага а 14:00 абвясьцілі галадоўку.

Паводле словаў Рынкевіча, галадоўку трымае і сам Аляксандар Казулін. Заўтра ён зьбіраецца перайсьці на сухую галадоўку, калі яго не адпусьцяць на пахаваньне жонкі.

Калі дочкі Казуліна даведаліся пра нежаданьне ўладаў вызваліць іх бацьку і пра рашэньне бацькі абвесьціць сухую галадоўку «да сьмерці», яны зрабілі наступную заяву: «Мы заяўляем, што ня будзем хаваць маму, пакуль тата ня з намі. Для яго такое пахаваньне будзе азначаць, што яго «пахаваюць жывога», — сказала Вольга Казуліна.

Паніхіда, раней прызначаная на аўторак, перанесеная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?