Беларусь была і будзе зацікаўленая ў падтрыманні паўнавартаснага супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амерыкі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 жніўня на сустрэчы з дэлегацыяй кангрэсменаў ЗША.

«Мы ўвогуле ад гэтай пазіцыі ніколі не адыходзілі, нават у найгоршыя часы нашых адносінаў. І ў гэтыя ж складаныя часы, нават у іх, беларуска-амерыканскія адносны не спыняліся. Узаемадзейнічалі мы заўсёды па пытаннях арганізацыі глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, што вельмі актуальна сёння, прадухілення незаконнага транзіту ядзерных матэрыялаў», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускі бок цэніць падтрымку сваіх ініцыятыў у ААН і гатоўнасць ЗША садзейнічаць далучэнню Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. «Мяркую, што нам трэба будаваць адносіны паміж ЗША і Беларуссю не па сродках масавай інфармацыі, а непасрэдна вывучаючы становішча ў краінах, і рабіць з гэтага адпаведныя высновы», — лічыць Лукашэнка.

Ён папрасіў кангрэсменаў выказаць свае заўвагі. «Мы не любім, калі нас штурхаюць у спіну, мы ніколі не пагодзімся з тым, калі нам навязваюць сілай нейкую волю. Але мы добрыя вучні. Калі вы нам прапануеце варыянты, якія будуць прасоўваць нашу краіну да суверэнітэту, большай незалежнасці, калі вы нам прапануеце варыянты, якія будуць паляпшаць жыццё беларускага народа, мы будзем вам вельмі ўдзячныя і неадкладна возьмем іх на ўзбраенне», — сказаў Лукашэнка.

Ён упэўнены, што, «нягледзячы на наяўнасць некаторых рознагалоссяў у палітычнай сферы», праблем у адносінах Беларусі і ЗША менш, чым станоўчых фактараў, якія збліжаюць.

Паводле слоў Лукашэнкі, апошнім часам кантакты паміж Беларуссю і ЗША, уключаючы абмен візітамі афіцыйных і дзелавых дэлегацый, значна актывізаваліся, працягваецца ўзаемадзеянне паміж беларускімі і амерыканскімі праваахоўнымі органамі, наладжваюцца міжрэгіянальныя сувязі, развіваецца супрацоўніцтва ў галіне навукі, культуры і адукацыі, расце ўзаемны тавараабарот.

«Натуральна, мы разумеем, што без яго (тавараабароту) ніякіх адносінаў паміж дзяржавамі быць не можа, таму што эканоміка — гэта фундамент любых адносінаў, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — ЗША для нас — шматабяцальны гандлёвы партнёр і інвестар, і мы гэта не ўтойваем. Мы зацікаўленыя ў атрыманні доступу беларускіх вытворцаў да плацежаздольнага, ёмістага амерыканскага рынку. Узаемна гатовы зрабіць усё для таго, каб камфортна было працаваць вам тут, у Беларусі».

Лукашэнка таксама падкрэсліў зацікаўленасць беларускага боку ў прыцягненні інвестыцый, развіцці вытворчай кааперацыі і атрыманні крэдытных рэсурсаў. «Мы абсалютна нічога не ўтойваем ад вас. Усё, што вы жадаеце ўбачыць у Беларусі, тая магчымасць, якая будзе вам дадзеная, дазволіць скласці цэласнае ўражанне аб нашай краіне. Вы можаце знаходзіцца ў Беларусі столькі, колькі вам захочацца, пакуль сапраўды ў вас не складзецца цэласнае ўражанне: няхай у чымсьці негатыўнае, у чымсьці пазітыўнае, але гэта будзе ваша ўражанне аб нашай краіне», — заявіў ён.

Сёння дэлегацыя палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША таксама плануе наведаць Нацыянальную акадэмію навук Беларусі і сустрэцца з кіраўніцтвам НАН.

У пасольстве ЗША падрабязнасці візіту і склад дэлегацыі пакуль не каментуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?