Сёньня Андрэю Кіму, які знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, дазволілі спатканьне з маці. Як расказала сп. Тацяна, Андрэй ня лічыць сябе вінаватым і ўпэўнены, што яго выпусьцяць.

«Калі я яго ўбачыла, то зьдзівілася, як ён зьмяніўся! Лысы, бледны, схуднелы. Але галоўнае, ў Андрэя зусім іншы позірк, ён стаў больш мужным і сур’ёзным, — кажа маці Андрэя. — Сын сказаў мне на спатканьні, што зьбіраўся галадаць, каб Казуліна выпусьцілі на пахаваньне. (...) Не прыйшлося. Але ён кажа, што гатовы на ўсё».

Андрэй дзякуе ўсім, хто дасылаў яму лісты і паштоўкі. Вязьня падтрымалі людзі з розных краін сьвету, чым ён прыемна здзіўлены. Зараз Андрэй большую частку часу чытае Біблію і адказвае на лісты. Паводле словаў маці, ён віншуе беларусаў са сьвятам — 90‑годзьдзя БНР.

Нагадаем, што крымінальная справа на Андрэя Кіма была заведзеная паводле арт. 364 КК РБ («гвалт, альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі»). Нібыта Андрэй Кім падчас мітынгу прадпрымальнікаў 21 студзеня ўдарыў супрацоўніка ДАІ кулаком у твар і расьсек таму брыво да крыві. Андрэй азнаёміўся з матэрыяламі справы, і неўзабаве яна будзе перададзена ў суд. А. Кіму пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?