9 сакавіка ў 21:30 у Віцебску няўлоўны Мірон вывесіў чарговы сцяг бел‑чырвона‑белага марафона, прысвечанага 90‑м угодкам БНР. Аднак штандар не правісеў і паловы гадзіны.

Нацыянальны сцяг быў узняты на студэнцкім інтэрнаце па вуліцы імя Фрунзе насупраць галоўнага корпуса Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта. Як здолелі паведаміць Барысу Хамайдзе вартыя даверу крыніцы, да сцяга была прымацаваная цыдулка наступнага зместу:

«Гонар і пашана непахіснаму палітычнаму дзеячу Беларускай Народнай Рэспублікі Васілю Захарку, які адыграў выключную ролю ў захаванні Ураду БНР у 1925 годзе. Слава героям БНР! Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон».

Сцяг правісеў не больш чым палову гадзіны і быў зняты пры дапамозе аўтавышкі камунальных службаў горада, якую выклікала міліцыя. Зважаючы на хуткасць, з якой сілавыя структуры апошнім часам рэагуюць на акцыі бел‑чырвона‑белага марафона, можа скласціся ўражанне, што ў горадзе створаная адмысловая «антыміронавая» група хуткага рэагавання.

Паводле Сяржук Серабро, «Народныя навіны Віцебска»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0