Ёсць словы, якія не можна дакладна перакласці на іншую мову. І гэта вялікі клопат, калі ты думаеш на адной мове, гаворыш на іншай ды раптам натыкаешся на такое слова.

Вы ніколі не думалі, які беларускі адпаведнік дзеяслова «общаться»? Людзі часта пра гэта пытаюцца.

Часцей за ўсё беларускім адпаведнікам гэтаму слову выбіраюць слова «камунікаваць» або выраз «мець зносіны».

Але тут, як той казаў, серада з-пад пятніцы відаць. Цяжка пачуць такі выраз ад прыроджанага носьбіта беларускае мовы.

Калі нам нешта «муляе» ў мове, найлепшае выйсце — спрасціць. Давайце яго «здрабнім». Скажам прасцей ды дакладней, што мы хочам сказаць. Замест «мець зносіны» можна «сябраваць», «таварышаваць» або «таварышкаваць», «калегаваць», «дружыцца». «Они общаются по скайпу» прасцей ды ямчэй сказаць «яны гутараць праз скайп». Яны «гутараць», «гавораць», «гамоняць», «дудукаюць»… Ёсць цікавы слуцкі рэгіяналізм «жупіць». Хто знае — хай ужывае.

Можна «разгаварыцца», «весці гутарку». Запомнім, што гаворка, гутарка, у нас вядзецца. Гэдак жа сама, як гутарку, весці можна і знаёмства. «Яны вядуць знаёмства змалку»; «Мы нядаўна завялі знаёмства». Калі хочацца менш афіцыйна, то можна сказаць «весці кампанію». Хораша сказаць і «весці сябрыну». Нашы продкі казалі:

«Сябрына нездарма вядзецца праміж добрых людзей, хто жыве адзін бы воўк, той дажывецца ліхога канца». (запісаў А. Сержпутоўскі, «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў»)

Калі нехта нам апрыкраў ды мы хочам кінуць з ім знаёмства, то можна сказаць злосна: «Я з гэтым злыднем больш не ваджуся». Вадзіцца таксама добрае жывое слова і не толькі ў негатыўным кантэксце. У кожным разе, слова «знаёмства» у сто столак лепшае за слова «зносіны».

Гутарку, знаёмства, чат можна таксама завесці, развесці, павесці. Абы была фантазія ды чуллівасць да далікатных адценняў у значэннях словаў.

Ёсць таксама слова «дачыненне». У беларускай жывой мове яно мае якраз цікавае адценне. Пасмакуйце:

«Хадзі сюды — ёсць к табе дачыненне» (А. Сержпутоўскі, тамсама)

Па-расейску мы б сказалі тое самае «есть к тебе дело».

А вось якія значэнні слова «дачыненне» заўважае прафесар Фёдар Янкоўскі:

МЕЦЬ ДАЧЫНЕННЕ. 1. Мець справу да каго, мець адносіны да каго.

Нічыпар мае дачыненне да коней. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Да гэтага я не маю дачынення. У дарозе з Мін. у Нясвіж

2. Мець дачыненне з кім — мець справу з кім, мець інтымныя сувязі з кім.

Жыве малады пан з жонкаю дый рад, што і яна яго не займае, бо ён ужо не мажэ [не можа] мець з жанчынамі дачыненне. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). [Беларуская фразеалогія]

Як добра відаць, трапных жывых варыянтаў мноства. Трэба проста выкарыстоўваць драбнейшыя, больш дакладныя сэнсы, а ад гэтага наша гаворка будзе толькі жывейшая ды прывабнейшая.

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?