Жанр: фантастыка, драма, жахі
Рэжысёр: Пол МакГіган
У ролях: Джэймс МакЭвай, Дэніэл Рэдкліф, Джэсіка Браўн-Фіндлі, Бронсан Уэб, Дэніэл Мейс, Робін Пірс.
ЗША, 109 хв.
Адзнака: 7

Навуковец-геній Віктар Франкенштэйн стаіць на парозе вялікага адкрыцця: ён знайшоў спосаб ажыўляць мёртвых. Але ці можна стварыць новую істоту? Разам са сваім сябрам і аднадумцам Ігарам Віктар стварае пачвару, і некаторыя людзі гатовыя на ўсё, каб атрымаць армію такіх стварэнняў.

Стужка заснаваная на рамане англійскай пісьменніцы Мэры Шэлі «Франкенштэйн, або Сучасны Праметэй» (напісаны ў 1818), дзе аповед вядзецца ад самаго навукоўца. Віктар, стварыўшы монстра, хаваецца ад яго па ўсім свеце. Але той паступова ўсведамляе сваю ненатуральную прыроду і вінаваціць ва ўсім свайго стваральніка.

Стужка шатландца Пола МакГігана (серыял «Шэрлак», выходзіць з 2010) прапануе іншы варыянт. Усё дзеянне падаецца з пункту гледжання Ігара, сябра і памочніка Віктара. Глядач адчуе каштоўнасць дружбы, значэнне страты, сутнасць здрады. Але не праз споведзь пачвары, створанай Віктарам Франкенштэйнам, а праз ўзаемаадносіны галоўных герояў.

Фільм сабраў сапраўдных зорак брытанскага кіно. Галоўныя ролі дасталіся шатландцу Джэймсу МакЭваю («Людзі Х: Дні мінулай будучыні», 2014) і англічаніну Дэніэлу Рэдкліфу, які пасля эпапеі пра Гары Потэра (2001—2011) спрабуе заявіць пра сябе ў іншых амплуа.

Ролю каханай Ігара выканала брытанка Джэсіка Браўн-Фіндлі (серыял «Абацтва Даўнтан», выходзіць з 2010).

Цікава, што выканаўцаў галоўных роляў насамрэч звязвае сталае сяброўства. Дэніэл Рэдкліф убачыў Джэймса МакЭвая ў спектаклі «Макбет». Акцёры сустрэліся за кулісамі і адразу ж пасябравалі. Паміж імі адчуваецца хімія, якую яны з лёгкасцю змаглі перанесці на экран.

«Чаму фільм можа навучыць дзяцей? Не абыходзьцеся з людзьмі дрэнна — вось асноўны ўрок, які можна вынесці з фільма. Шануйце сяброўства. У цэнтры фільма ёсць цікавы канфлікт, у які могуць ўцягнуцца і дзеці. Але хутчэй за ўсё, я б проста вылупіў вочы і ўскрыкнуў: «Які круты монстр!» — пасмяяліся акцёры.

Стужка будзе цікавая ўсім аматарам фантастыкі і ўласна першакрыніцы Мэры Шэлі. Мае ўзроставы рэйтынг 13+. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?