У Мінску затрымалі падазраванага ў здзяйсненні гвалтоўных дзеянняў над малалетнімі. Адзін з чытачоў Tut.by дапамог міліцыі яго знайсці, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Пасля таго, як інфармацыю аб пошуку распаўсюдзілі СМІ, у міліцыю паступіў званок. Грамадзянін распавёў, што паглядзеў фатаграфіі адшукванага аўтамабіля (на якім перасоўваўся падазраваны) — і здагадваецца, дзе яго шукаць.

«У выніку правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў падазраваны быў затрыманы супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Заводскага РУУС сумесна з калегамі з АДАІ Цэнтральнага РУУС. Ім аказаўся 27-гадовы мінчанін. Як высветлілася, у мінулым мужчына быў судзімы за ўчыненне аналагічных злачынстваў», - распавяла прэс-афіцэр Заводскага РУУС Таццяна Майсеева.

Устаноўлена, што аўтамабіль, на якім падазраваны мужчына перасоўваўся, належыць яго знаёмаму, на якога ён працаваў, займаючыся перавозкамі. Машыну вярнулі ўладальніку.

У міліцыі выказалі падзяку СМІ за публікацыю інфармацыі аб вышуку, а таксама неабыякавым грамадзянам «за актыўную жыццёвую пазіцыю і дапамогу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?