Новым кіраўніком Каталоніі ў апошні момант абраны мэр Жыроны Карлес Пучдэмон. 53-гадовы палітык паабяцаў ператварыць рэгіён у незалежную дзяржаву.

Парламент Каталоніі выбраў новым кіраўніком рэгіёна Карлеса Пучдэмона. У ходзе галасавання позна ўвечары ў нядзелю, 10 студзеня, мэр Жыроны Пучдэмон атрымаў 70 галасоў дэпутатаў альянсу Junts pel Sí і леварадыкальнай партыяй CUP. 63 парламентарыі прагаласавалі супраць яго кандыдатуры, яшчэ двое пры галасаванні ўстрымаліся.

У сваёй прамове 53-гадовы палітык паабяцаў ператварыць рэгіён у незалежную дзяржаву.

Новага кіраўніка Каталоніі ўдалося абраць фактычна ў апошні момант. Калі б да апоўначы парламент не змог вызначыцца з кандыдатурай, то прыйшлося б праводзіць новыя парламенцкія выбары. Гэтага ўдалося пазбегнуць пасля таго, як дзеючы кіраўнік аўтаноміі Артур Мас адмовіўся ад далейшай барацьбы за сваю пасаду, каб адкрыць дарогу стварэнню урадавай кааліцыі ў складзе Junts pel Sí і CUP.

У адказ на выказванні Пучдэмона цэнтральны ўрад Іспаніі чарговы раз пацвердзіў, што не дапусціць аддзялення Каталоніі. «У нас сёння ёсць куды больш, чым раней, сродкаў, каб забяспечыць адзінства краіны. Іспанцы могуць быць спакойныя», — заявіў у тэлевізійным інтэрв'ю прэм'ер-міністр краіны Марыяна Рахой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?