Эпіцэнтр цыклона «Даніэла» з Віцебскай вобласці сыдзе да раніцы 13 студзеня. Пра гэта паведаміла начальніца Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Марыя Гермянчук на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Эпіцэнтр цыклона з Віцебскай вобласці сыдзе да раніцы, але рэшткавыя з'явы будуць прысутнічаць яшчэ на працягу дня ва ўсёй краіне», — адзначыла Марыя Гермянчук.

Асноўная хваля снегападу, які прынёс цыклон «Даніэла» прайшла ў два этапы: першы быў у ноч на 12 студзеня, другі — з 06.00 да 09.00. Максімальнае выпадзенне ападкаў было зафіксавана ў Мінску і Барысаве.

«Цяпер у сталіцы вышыня снегавога покрыва складае 32 см на рэпрэзентатыўнай пляцоўцы. Перад пачаткам снегападу вышыня снежнага покрыва складала 12 см. Дадалося 20 см. За ноч мы чакаем даданне яшчэ 2—3 см», - канстатавала сіноптык.

У Віцебску і Сянне, паведамляе МНС, снегу наваліла нават 34 см.

Гермянчук адзначыла, што аб 11.00 12 студзеня цэнтр цыклона быў над Баранавічамі, далей прайшоў над Менскам, цяпер сышоў на Віцебск, далей перамесціцца на паўночны захад Расіі.

«У нас будуць рэшткавыя з'явы ў выглядзе ападкаў, вецер будзе да 10—12 м/с. Але самае непрыемнае будзе заключацца ў тым, што рэшткавыя цёплыя масы будуць ісці з паўднёвага захаду і паўднёвай Еўропы, але ўжо пачнецца прыток халоднага паветра з поўначы. Таму будуць узнікаць кантрасныя тэмпературы, якія будуць правакаваць такія неспрыяльныя з'явы — галалёд і галалёдзіцу «, — патлумачыла Марыя Гермянчук.

Паводле яе слоў, тэмпература будзе вагацца ад слабых «плюсоў» у Брэсцкай вобласці да 8 градусаў са знакам мінус па Віцебскай вобласці.

«Як растае снег, будзе ствараць скарынку. На заўтрашні дзень выпісаныя папярэджанні Гомельскай і Магілёўскай вобласці на галалёд і галалёдзіцу. На асноўнай тэрыторыі будзе адзначацца, але не паўсюдна», — канстатавала яна.

Па словах Марыі Гермянчук, з чацвярга пачнецца пахаладанне, прычым досыць істотнае. «Мы будзем мець такія ж тэмпературныя ўмовы, як і ў пачатку студзеня, — уначы да мінус 25. Маразы ўстануць, надвор'е будзе дастаткова спакойнае», — падагульніла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?